Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/136

Гэта старонка была вычытаная

адчувала ў умовах сучаснага строю. Яе політычныя перакананьні былі вельмі блізкімі да групы Велепольскага. Гэтыя фамільныя абставіны ня спрыялі таму, каб Леон Плятэр кінуўся з галавою ў паўстаньне. Як відаць з далейшага, ён зусім пасыўна аднёсься да даручанай яму справы і не падрыхтаваў належнага ліку ўзброенай сілы для пачатку вызначанай Аддзелам паўстанскай кампаніі.

Непрадбачаны выпадак пераблытаў карты і накіраваў справу не па пляну. Віленскі Выканаўчы Аддзел атрымаў пэўныя весткі, што 26 красавіка з Дзьвінску будзе адпраўлены транспорт зброі ў Дзісну, дзе стаяў штаб аднаго з расійскіх палкоў. Гэтыя весткі гаварылі, што транспорт будзе вельмі вялікі і каштоўны. Віленскі Аддзел паслаў праз пасланца загад Леону Плятэру, з пагрозаю кары сьмерцю за непаслушэнства, зрабіць напад і адбіць гэты транспорт, што значна забясьпечыла-б зброяй паўстанцаў.

Так ці іначай Плятэру трэба было прыступіць да выкананьня загаду паўстанчага цэнтру. За прабеглы час ён не падрыхтаваў аддзелу. Прышлося сьпешна заняцца зборам узброеных сіл. З вялікаю цяжкасьцю ўдалося яму сабраць чалавек 20—25 з ваколічнай шляхты. Каля гэтага ліку набраў ён сваіх дваровых людзей і служачых. Склалася невялічкая паўстанская група ў 40—50 чалавек. Расійскія крыніцы павялічваюць гэтую групу да 715 чалавек. Збор аддзелу быў назначаны каля мястэчка Краслаўкі, праз якое ішла дарога з Дзьвінску ў Дзісну.

Тут каля Краслаўскі жыло шмат расійцаў старавераў, што ў апошняй чвэрці 17 стагодзьдзя пачалі высяляцца сюды з Маскоўскай дзяржавы, дзякуючы тым рэлігійным прасьледваньням, якія там адбываліся ў адносінах да іх. Асабліва многа эмігравала сюды старавераў у пачатку 18 стагодзьдзя, дзякуючы ўдзелу іх у руху, накірованым проці сыстэмы Пятра І. Рэч Паспалітая даволі ахвотна прымала эмігрантаў і звычайна асаджвала іх каля ўсходняй сваёй граніцы, на тэрыторыі Беларусі. Гэта рабілася як з колёнізацыйнымі, так і політычнымі мэтамі. Стараверы давалі прыгоннай гаспадарцы рабочыя рукі, апроч таго, у выпадках узброенай барацьбы з Маскоўскай дзяржавай, а потым з Расійскай імпэрыяй, стараверы давалі моцную ўзброеную сілу, якая вельмі ворожа была настроена ў адносінах да расійскай улады, што выгнала іх з бацькаўшчыны. З цягам часу экономічнае палажэньне старавераў на Беларусі, як наогул і ўсяго сялянства, пагоршвалася. Панская эксплёатацыя выціскала з іх усе сокі. Сацыяльная нянавісьць да пана прымала яўна выразныя формы. Рэформа 1861 году зусім не палепшыла іх становішча. Па вёсках, як сярод старавераў-расійцаў, так і сярод беларусоў, хадзілі чуткі, што расійскі цар вызваліў сялян і даў ім усю панскую зямлю, што паны падымаюць паўстаньне дзеля таго, каб сяляне заставаліся ў панскім прыгоне, як і раней. Калі сяляне заўважылі, што каля Краслаўкі зьбіраюцца ўзбро-