Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/137

Гэта старонка была вычытаная

еныя сілы, з якіх палавіна была земляўласьнікі і на чале якіх стаяў буйны земляўласьнік, яны занепакоіліся і пачалі сачыць за аддзелам. Паўстанцы, на запытаньні сустрэчных сялян, адказвалі, што яны сабраліся толькі для паляваньня, але сяляне не давалі веры такому адказу.

У вызначаны дзень, 26 красавіка ўвечары, транспорт са зброяй сапраўды падышоў да Краслаўкі. Паўстанцы зрабілі засаду і напалі на транспорт зусім для яго неспадзявана. Вартаўнічыя транспорту амаль што не рабілі ніякага супраціўленьня. Згубіўшы двух забітымі і двух параненымі, расійскі аддзел разам з афіцэрам уцёк у Краслаўку, пакінуўшы транспорт са зброяй у руках паўстанцаў. У дагоню за паўстанцамі з Краслаўскі быў накіраваны невялікі расійскі аддзел, які, аднак, хутка вярнуўся назад бяз усякіх вынікаў. Пасьля гэтага ўдагон за паўстанцамі быў накіраваны большы атрад з Дзьвінску.

Пакуль адбываліся ўсе гэтыя падзеі, рух сялян-старавераў проці паноў усё пашыраўся. Дагадаўшыся, што ўрад ня ўступіцца за паноў, дзякуючы ўдзелу шляхты ў паўстанскім выступленьні, яны выкарысталі паўстанскі выбух для сваіх спэцыяльна сялянскіх мэтаў. Узброеныя чым папала, цапамі, дубінамі і г. д., яны рынуліся на панскія двары. Пачаліся рабункі і пажары панскіх маёнткаў. Раён сялянскага руху быў даволі вялікі. Расійская мясцовая ўлада аднеслася вельмі спакойна да сялянскага проціпанскага руху і толькі ў некаторых мясцовасьцях сяляне спаткалі адпор з боку поліцыі, якая прабавала, праўда няўдала, абараніць паноў ад сялян. Сацыяльны рух сялян проці паноў разглядаўся мясцовай адміністрацыяй, як патрыятычнае абурэньне расійскіх патрыётаў паўстанскім выбухам палякаў проці Расіі. „Крестьяне, зная фамилии тех помещиков, которые принимали участие в мятеже, и не имея помощи со стороны войска, которое прибыло несколько позже, начали делать обыски у тех помещиков, которых особенно подозревали, для обнаружения складов оружия. При такого рода обысках и при сопротивлении со стороны помещиков, нет ни­ чего удивительного, что порядок не мог сохраниться; не удивительно, что мебель, сундуки и т. п. оставались поломанными“. Так піша С. Райкоўскі,[1] які стаіць на пункце погляду тагочаснай адміністрацыйнай улады Дзьвінску і яго павету.

Як мы ўжо вызначалі раней, сялянскі рух проці паноў пашырыўся на даволі вялікую тэрыторыю навокал Дзьвінску. Рабункі і пажары панскіх маёнткаў цягнуліся некалькі дзён. За гэты час было зрабована 37 маёнткаў і зусім знішчана 14. Адначасна сяляне зьбівалі памешчыкаў і некаторых пазабівалі. Цэлымі фаміліямі іх арыштоўвалі і везьлі ў Дзьвінск. Усяго ў Дзьвінск было прывезена і заарыштована больш 100 чалавек. Потым частка іх была аддана пад суд.

  1. С. Райковский. Польская молодежь западного края в мятеже 1861—3 годов. Русский Вестник Т. 83, стр. 656.