Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/139

Гэта старонка была вычытаная

Такім спосабам, Мураёў лічыць вінаватымі ў „няправільнай" інформацыі Пецярбургу цэлы шэраг асоб, асабліва Віленскага жандарскага генэрала Гільдэбрандта, які нібы спачуваў паўстаньню і палякам. Іншыыя весткі малююць Гільдэбрандта, як старога жандарскага генэрала, пачаўшага сваю жандарскую службу з ніжэйшых афіцэрскіх чыноў яшчэ ў 40-х гадох, немца па пахаджэньню, які быў вельмі далёкім ад якога-б то ні было спачуваньня палякам і паўстаньню. Калі ён і даў інформацыю ў Пецярбург, якая затушоўвала ўдзел паноў у паўстаньні, то гэта залежала ня столькі ад яго полёнофільскіх сымпатый, колькі ад памылковага погляду на справу, бо, як кажуць сучасьнікі, ён наогул не вызначаўся вялікім розумам.

Так ці іначай Пецябург атрымаў весткі аб паўстаньні сялян проці паноў каля Дзьвінску. Адразу для засьмірэньня сялянскіх непарадкаў у Дзьвінск быў сьпешна высланы цэлы полк уланаў под камандай обэр-поліцмайстра сталіцы графа Шувалава. Мясцовая ўлада, даведаўшыся аб такім ходзе справы, пасьпяшыла даць іншую інформацыю, з падкрэсьленьнем паўстанцкага шляхецкага руху, на імя міністра дзяржаўных маемасьцяў Зялёнага. Зялёны пасьпяшыў да цара з дакладам, што сялянскі рух у Дзьвіншчыне ня мае процідзяржаўнага характару, а зьяўляецца толькі выяўленьнем расійскага патрыятызму сялян - старавераў, і накірованы проці палякаў - паўстанцаў. Гэтая інформацыя зусім мяняла ранейшую пастаноўку справы і адносіны цэнтральнай улады да руху сялян. Па настаяньню Зялёнага ўсьлед за Шувалавым сьпешна быў пасланы на месца непарадкаў у якасьці ваеннага начальніка генэрал Длатоўскі з аддзелам і адпаведнымі інструкцыямі, якія былі зусім не падобны да інструкцый, даных раней Шувалаву. Сяляне замест бізуноў цяпер павінны былі атрымаць падзяку за свой патрыятызм. Рэпрэсіі былі накіраваны на паўсталую шляхту.

Калі на Беларусь прыехаў М. Мураўёў, ён трымаўся таго погляду, што каля Дзьвінску адбыўся акт патрыятычнай расправы расійскіх мужыкоў над польскімі бунтаўшчыкамі. Дзьвінскія падзеі навялі жандараў на думку, што на соцыяльнай процілегласьці інтарэсаў сялян і паноў магчыма пабудаваць барацьбу з паўстаньнем. Яшчэ 21 красавіка (па старому стылю) Віленскі жандарскі штаб-афіцэр Лосеў у сваім чарговым данясеньні шэфу жандараў піша: „Динабургские мужички доказали, где сила нашего правительства. Отчего-бы повсеместно этой силой не воспользоваться и тем самым заявить перед всей Европой настоящее положение нашего Западного края?" Мураўёў гэтую сілу рашыў выкарыстаць. У гэтым і была яго сыстэма. Адразу пасьля свайго прыезду на Беларусь ён загадаў Дзьвінскім мясцовым уладам, каб яны прадставілі да ўзнагароды тых сялян, якія выдзяляліся з агульнай масы сваімі „патрыятычнымі" ўчынкамі ў адносінах да земляўласьнікаў. У адказ на загад былі Дзьвінскай адміні-