Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/140

Гэта старонка была вычытаная

страцыяй прадстаўлены да ўзнагароды 10 сялян. Ім Мураўёў даў мэдалі за падаўленьне польскага „мятежа". Фаміліі гэтых сялян наступныя: Раманаў, Мітрафанаў, Багданаў, Ніканаў, Радзівонаў, Скрэйер, Ешэрскі, Дзяменьцеў і Іваноў. Як відаць з прозьвішчаў, гэта амаль што ўсе расійскія сяляне-стараабрадцы. Аднак сярод іх ёсьць і два прозьвішчы мясцовых сялян. У гісторыі нам рэдка калі можна спаткаць падобны факт, што за разгром панскіх маёнткаў сяляне атрымоўвалі мэдалі.

Яшчэ некалькі слоў аб „патрыятызму“ сялян Віцебшчыны. З данясеньняў жандарскіх афіцэраў відаць, што далёка не заўсёды ў сялянскіх масах пануе „патрыятычны“ настрой. Гэтага патрыятызму хапае сялянам толькі для таго, каб весьці барацьбу з панствам. Але патрыятызм зусім зьнікае, калі справа ідзе аб адносінах сялянства да расійскага ўраду. Данясеньні жандараў гавораць аб пашырэньні па Віцебшчыне ў вялікім ліку падпольнага часопісу „Мужыцкая Праўда". У Рэжыцкім павеце, калі поліцыя зрабіла спробу спыніць разгром панскіх маёнткаў, сяляне кінуліся на спраўніка і поліцэйскіх з такою рашучасьцю, што яны павінны былі ўцякаць. З Вяліскага павету жандармэрыя даносіць, што часова абавязаны селянін вёскі Аўсянік Іван Абрамаў вядзе размовы з сваімі аднавяскоўцамі, накірованыя проці ўраду. Яму прыпісваюць, напрыклад, такія словы: „дай божа, каб пачалася вайна: я тады пайшоў-бы да няпрыяцеля, каб ваяваць проці свайго цара". Адным словам, справы наконт патрыятызму сялян стаяць ня так ужо добра.

За граніцаю навокал Дзьвінскіх падзей падняўся вялікі шум. Па-першае, — прэса, спачуваючая паўстаньню, вызначала, што паўстаньне пашыраецца на тэрыторыі, якая ляжыць за межамі ўласнай Польшчы. Па-другое, напад сялян-старавераў на паўстанцаў маляваўся згушчонымі фарбамі і тлумачыўся спэцыяльным інсьпіраваньнем царскага ўраду, які зусім сьвядома падняў сялян проці земляўласьнікаў. У некаторых газэтах нават пісалі, што напад на панскія маёнткі быў зроблены не сялянамі, а пераапранутымі салдатамі. Дзьве газэты (адна француская, другая ангельская) зьмясьцілі нават на сваіх шпальтах тэкст царскага Маніфэсту, пад назваю „Секретная царская воля", у якім расійскі цар заклікаў сялян да разьні паноў, абяцаючы ім за гэта панскую зямлю і волю. Зразумела, „Сакрэтная царская воля" зьяўлялася самай звычайнай выдумкай. Тым ня менш аб гэтым „маніфэсту" пачалі пісаць у розных газэтах. Шуму нарабілася столькі, што царскаму ўраду прышлося зьвярнуць на яго ўвагу. Офіцыяльны орган Journal de Sankt-Petersburg 31 мая 1863 году павінен быў выступіць з артыкулам, у якім ён даводзіў, што ніякай „сакрэтнай царскай волі" расійскі ўрад не выдаваў.

Як-бы там ні было, правал паўстаньня каля Дзьвінску быў вялікі ўва ўсіх адносінах. Царская ўлада выкарыстала для падаўленьня