Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/144

Гэта старонка была вычытаная

малюе начальніка інваліднай Горацкай каманды, як чалавека, які спачувае паўстанскаму руху. Цэлы шэраг іншых вестак кажа нам, што начальнік інваліднай каманды стаяў на старане расійскага ўраду, пры нападзе паўстанцаў абараняўся да астатняга і ўрэшце быў узяты паўстанцамі ў палон.

Каля другой гадзіны ўночы аддзел Тапара-Зьвярждоўскага няпрыметна ўвайшоў у мястэчка. Да паўстанскага аддзелу адразу далучылася студэнцкая організацыя і некаторыя з абываталяў гораду. Праўда, апошніх было вельмі мала. У поўным маўчаньні паўстанскі аддзел разьбіўся на некалькі часьцей, якія і разышліся для заняцьця важнейшых пунктаў. Адна частка зрабіла нечаканы напад на кашары, дзе зьмяшчалася найбольш інвалідаў. Другая частка пайшла браць памяшканьне, дзе жыў начальнік інваліднай каманды. Трэцяя частка накіравалася ў Земляробскі Інстытут. Іншыя зусім дробныя паўстанскія групы разышліся па больш небясьпечных мясцох гораду. Ня гледзячы на дрэнныя ўмовы, інвалідная каманда абаранялася даволі ўпарта, але нічога не магла зрабіць: паўстанцы напалі на горад зьнячэўку, і інваліды не пасьпелі сабрацца для абароны ў адно месца, апроч таго, ня ўсе з іх мелі на руках стрэльбы. Пасьля паражэньня частка інвалідаў разьбеглася і пахавалася, а частка (каля 30 чалавек) папалі ў палон да паўстанцаў разам з сваім начальнікам.

Студэнты ў будынку Інстытуту не абараняліся, бо ў сваёй большасьці яны спачувалі паўстаньню. Быў забіты толькі адзін з кур‘ераў Інстытуту, што не паслухаў загаду паўстанца-часавога спыніцца. Дырэктар Інстытуту Траўтфэтэр быў таксама проці ўзброенай абароны Інстытуту. Ён лічыў, што ня можа быць і размовы аб супраціўленьні паўстанцам, якія ўзброены і складаюць сабою значную лічбу. Каб зьберагчы жыцьцё для жыхароў інстытуцкага будынку, каб самую ўстанову зьберагчы для дзяржавы, ён лічыў, што трэба трымацца спакойна і пакорліва. Тым ня менш далёка ня ўсе студэнты засталіся „спокойнымі". У той час, калі ў будынку Інстытуту, праўда, усё было спакойна, па-за межамі Інстытуту значная частка студэнтаў вяла сябе вельмі актыўна. Уся паўстанская студэнцкая організацыя прымкнула да аддзелу Л. Зьвярждоўскага і прымала даволі чынны ўдзел у распачатай бойцы. Адзін студэнт, Дамарацкі, што прымаў удзел у нападзе на інвалідную каманду, быў нават забіты ў часе бойкі.

У часе нападу паўстанцаў на мястэчка ў некалькіх мясцох Горы- Горак распачаўся пажар, які хутка стаў пашырацца па ўсяму гораду, што наводзіла яшчэ большую паніку на жыхарства. Горад быў вельмі скучаны, складаўся з драўляных будынкаў, пакрытых гонтамі, а яшчэ часьцей саломай, дзякуючы чаму большая палавіна мястэчка апынулася ў полымі. Гасіць пажар у ўмовах нападу было амаль што немагчыма. Зразумела, узьнікненьне пажару было прыпісана паўстанцам, і мяшчанства Горы-Горак настроілася яшчэ больш варожа ў адносінах