Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/147

Гэта старонка была вычытаная

лонных і параненых папаліся ў рукі расійцаў. Сярод параненых быў і Зьвярждоўскі. Нейкі выпадак дапамог адміністрацыі пазнаць яго, і ён, ня гледзячы на рану, быў павешаны на Апатаўскім рынку. Зьвярждоўскі спаткаў сьмерць з поўнай вытрываласьцю рэволюцыянэра.

Урэшце, некалькі слоў аб Казанскай справе, якая па пляну павінна была быць увязана з выступленьнем Зьвярждоўскага ў Магілёўшчыне.

Пецярбурскі Аддзел праз Е. Кіневіча зьвязаўся з расійскімі падпольнымі організацыямі. Ад польскіх і рускіх організацый былі вызначаны кіраўнікамі змовы Е. Кіневіч, М. Чэрняк, Іваніцкі, Станкевіч і інш. Да справы было прыцягнута некалькі чалавек з мясцовай моладзі, у тым ліку некалькі афіцэраў з Казанскага гарнізону. У змове прымалі ўдзел і студэнты Казанскага унівэрсытэту. Удзельнікі змовы выпусьцілі „Залатую Грамату", у якой ад імя цара даваліся сялянству ўсякія вольнасьці: панская зямля бяз выкупу, скасаваньне рэкруцкага набору, зьнішчэньне падушнага падатку, абраныя органы ўлады, на чале якіх у Маскве будзе „Земская Рада", што разам з царом будзе кіраваць усёй Расіяй. У канцы граматы было вызначана, што кожны селянін павінен узяцца за зброю, калі будзе бачыць, што генэралы, урадоўцы і паны парушаюць царскую волю, апублікаваную ў „Залатой Грамаце". Грамата датавана 31 сакавіка 1863 году па старому каляндарнаму стылю. Быў проект пашырыць „Грамату" па цэнтральнай і паўднёвай Расіі, каб выклікаць шырокі сялянскі рух. Але вельмі хутка пра змову стала вядома царскай уладзе, і загаворшчыкі былі арыштаваны. Кіневіч, Іваніцкі, Станкевіч і Мрочак пасьля суду над імі былі расстраляны. Чэрняку ўдалося ўцячы, але і ён потым усё-ж такі папаўся ў рукі ўлады і быў урэшце расстраляны. Дваццаць чалавек былі прысуджаны да катаржных работ, некалькі дзесяткаў чалавек было выслана ў выгнаньне і пакарана лозамі і бізунамі. У выніку змовы ў сярэдніх лічбах мая ў некаторых мясцовасьцях распачаліся сялянскія непарадкі, напрыклад, у Пензенскай губэрні. Гэтыя непарадкі былі хутка спынены рэпрэсіўнымі мерамі.

Такім чынам і другая частка пляну Серакоўскага скончылася няўдачаю. Паўстаньне на Магілёўшчыне і спроба падняць рэволюцыйны рух у цэнтральнай Расіі былі зьнішчаны ў самым пачатку.

А. МАЦКЕВІЧ І КАМПАНІЯ З. СЕРАКОЎСКАГА-ДАЛЭНГІ.

Згодна пляну сам З. Серакоўскі меўся асесьці ў лясных гушчарах уласнай Літвы і там будаваць вайсковы цэнтар паўстаньня на Беларусі і Літве, засноўваючы тут падваліны для рэгулярнай паўстанцкай арміі, якая павінна была, па пляну, зьмяніць партызанскія аддзелы. Зьяўленьне рэгулярнай паўстанскай арміі, па думцы З. Серакоўскага,