Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/154

Гэта старонка была вычытаная

бойка з тым самым расійскім аддзелам, што і пад Гінэтынам. Урадавы аддзел ўжо быў крыху падмацаваны новымі сіламі. Ня гледзячы на гэта, ён ўсё-ж такі ня мог справіцца з паўстанцамі. Пасьля нядоўгай перастрэлкі бойка скончылася бяз пэўных вынікаў для той і другой стараны.

Пасьля бойкі расійскі аддзел накіраваўся ў Панявеж, а Серакоўскі свае сілы накіраваў у Андроніцкую пушчу, і тут, сярод амаль непраходных лясоў і балот, стаў лягерам каля засьценку Тэразбору, які знаходзіўся недалёка каля мястэчка Анікштаў. Тут аддзел спакойна прастаяў некалькі дзён для канчатковай організацыі і для працягу ваеннага практыкаваньня. Лічба паўстанскага войска ў гэты момант даходзіла да 2500 чалавек. Усё войска было падзелена на 9 батальёнаў, з якіх 8 батальёнаў было касіньераў і толькі адзін батальён складалі стральцы. Коньніцы ў паўстанскім войску амаль-што зусім ня было: налічвалася толькі 30 конных паўстанцаў. Такая зусім нязначная лічба стральцоў і асабліва коньніцы тлумачыцца тым, што вельмі вялікая частка войска складалася з незаможнай шляхты і сялян, якія звычайна былі касіньерамі. Мець стрэльбу і каня маглі толькі больш-менш заможныя паўстанцы. Усе паўстанцы ў войску Серакоўскага былі даволі аднастайна апрануты ў літоўскія сярмягі з раменнымі паскамі і ў чорныя шапкі. У войску падтрымлівалася вельмі строгая дысцыпліна.

У Вільні, як мы казалі вышэй, былі ўжо атрыманы весткі аб зьяўленьні і руху аддзелу Серакоўскага. Сутычкі яго з расійскімі аддзеламі пад Гінэтынам і Карсакішкамі яшчэ больш зьвярнулі на яго ўвагу, бо гэтым аддзелам не ўдалося яго разьбіць. Па-ранейшаму хадзілі невераемныя чуткі аб вялікай колькасьці паўстанцаў у войску Літоўскага ваяводы Далэнгі. Зразумела, Віленскі генэрал-губэрнатар Назімаў павінен быў зрабіць рашучыя крокі для таго, каб ліквідаваць гэты рух.

Для барацьбы з Далэнгаю быў прызначаны генэрал Ганецкі, які 3 мая ўжо прыбыў з сваім аддзелам у горад Вількамір. У яго аддзеле налічвалася каля 1000 чалавек. Ганецкі быў упэўнены, што з такімі малымі сіламі ён ня здолее справіцца з паўстанцамі, бо, як мы ўжо гаварылі вышэй, хадзілі ўпартыя чуткі, што Далэнга мае ў сваім войску некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Каб павялічыць свой аддзел і каб бліжэй падыйсьці да стаянкі Далэнгі, Ганецкі раніцою 5 мая накіраваўся ў Анікшты, куды прышоў і ўвесь яго аддзел увечары ў той-жа дзень. Тут Ганецкі павялічыў свой аддзел да 1500 чалавек, уліўшы ў яго склад тыя вайсковыя часьці, што стаялі ў Анікштах і ў мястэчку Рогаве. Толькі тут ён даведаўся, што паўстанцы ўжо некалькі дзён стаяць лягерам каля Тэразбору, што знаходзіцца прыблізна ў дзьвёх мілях ад Анікштаў. Апроч таго, Ганецкі атрымаў весткі, што сапраўды паўстанскія сілы ў Далэнгі вельмі вялікія, што яны добра ўзброены і напрактыкаваны, што лік іх кожны дзень узрастае, дзяку-