Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/156

Гэта старонка была вычытаная

Так-бы, відаць, і было-б, каб расейцам не ўдалося ўзяць у палон аднаго з паўстанцаў, які прагаварыўся, што ваявода Серакоўскі паранены, што забіта шмат начальнікаў, што паўстанцы знаходзяцца ў вельмі дрэнным матар'яльным і моральным становішчы. Зразумела, Ганецкі ня мог ня выкарыстаць такой сітуацыі. У дадатак да гэтага Ганецкаму ўдалося здабыць „языка" з мясцовых лясных вартаўнікоў, які паказаў, дзе паўстанцы пасьля бойкі пад Гудзішкамі зьбіраліся і куды накіраваліся. Бяз усякага маруджаньня аддзелы Ганецкага пайшлі наўздагон за паўстанцамі. Паўстанцы, не чакаючы нападу, у гэты час спакойна адпачывалі. Наглы напад расійцаў на змучаных паўстанцаў рашыў усю справу. Яны не змаглі даць належнага адпору. Хутка распачалася паніка, і паўстанцы ў непарадку кінуліся ўцякаць. Спробы паасобных начальнікаў затрымаць уцекачоў ня мелі ніякіх вынікаў. Расійцы атрымалі поўную перамогу. Яны забралі ў свае рукі ўвесь абоз са зброяю, амуніцыяй і харчамі, касу аддзелу, штандары Серакоўскага і каля 60 палонных. Толькі на другі дзень удалося Мацкевічу і Ляскоўскаму сабраць недабіткі войска Серакоўскага, з якіх склаліся два паўстанскія аддзелы; на чале аднаго з аддзелаў стаў Мацкевіч, на чале другога — Ляскоўскі. Аддзелы разьдзяліліся, разышліся ў розныя бакі і выратаваліся ад прасьледваньня атрадаў Ганецкага. Мацкевіч пасьля гэтага яшчэ доўга дзейнічаў у Ковеншчыне.

Пасьля бойкі пад Шнурлішкамі Ганецкі разаслаў па вакольных лясох аддзелы, каб палавіць тых паўстанцаў, што паразьбягаліся. Адзін з такіх аддзелаў напаў на сьлед і арыштаваў Далэнгу-Серакоўскага, які разам з Колышкам схаваўся ў фальварку Скрабішках. Арыштаваных даставілі ў мястэчка Мадэйкі, дзе была галоўная кватэра войск Ганецкага. На другі дзень Ганецкі разам з палоннымі накіраваўся ў Вільню. Ганецкаму было наладжана ўрачыстае спатканьне, а Серакоўскага пасадзілі ў турму, адкуль ён вышаў ужо толькі на эшафот. Так няўдала скончылася і гэтая частка пляну Серакоўскага. Наогул і ўвесь плян праваліўся.

ДЗЕЙНАСЬЦЬ ІНШЫХ ПАЎСТАНСКІХ ГРУП НА БЕЛАРУСІ ВЯСНОЮ 1863 ГОДУ.

У сувязі з рэалізацыяй пляну Серакоўскага і паралельна з ім вясною 1863 году на Беларусі адбываецца дзейнасьць цэлага шэрагу паўстанскіх груп. Гэтая дзейнасьць амаль-што зусім ня вывучана, і мы ня маем магчымасьці сыстэматычна спыніцца на ёй. Мы пастараемся ахапіць толькі самыя галоўныя паўстанскія групы і толькі некаторыя іх сутычкі з расійскімі аддзеламі. У Віленшчыне галоўнае кіраўніцтва паўстанскімі групамі знаходзілася ў руках былога расійскага афіцэра Вінцэнта Козелы. Апроч яго