Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/161

Гэта старонка была вычытаная

вооружить крестьян отбираемым в значительном числе от инсургентов оружием, поставить по деревням небольшие отряды под командой опытных офицеров, как для прекращения способа продовольствия, так и для уничтожения шаек при их появлении".[1]

У Горадзеншчыне галоўнае ваеннае кіраўніцтва над паўстанскімі групамі Белым Віленскім Аддзелам было даручана былому эмігранту Ануфраму Духінскаму. Гэта быў чалавек, які, ня гледзячы на тое, што калісьці быў кавалерыстам польскай арміі, ня знаў вайсковай справы і зусім быў няздольны да партызанскае барацьбы. Гэты факт вельмі перашкаджаў разьвіцьцю паўстаньня ў Горадзеншчыне. Вялікую працу сярод сялянства тут праводзіў Кастусь Каліноўскі, які быў накіраваны сюды, як камісар Горадзенскага ваяводзтва. Зразумела, яго працы значна перашкаджае агульнае кіраўніцтва белых у Вільні і назначэньне ваенным начальнікам Горадзеншчыны такога паўстанца, як Духінскі. Тым ня менш сялянства ў Горадзеншчыне зусім іначай адносіцца да паўстаньня чым, напрыклад, у Меншчыне. Апроч К. Каліноўскага, у Белавескай пушчы, як мы ўжо зазначылі раней, працуе крайні чырвоны Валеры Ўрублеўскі. Гэта таксама садзейнічае таму, што сялянства, калі ня масава, то прынамсі ў паасобных частках тэрыторыі спачувае паўстанцам і падтрымлівае паўстаньне. Асаблівы ўзрост паўстанскіх груп у Горадзеншчыне прымячаецца з пачатку красавіка. Мы спынімся на некаторых паасобных важнейшых сутычках, аб якіх у нас маюцца пад рукою матар‘ялы.

Найраней распачаліся бойкі ў Беласточчыне. Тут найбольш выдзялялася паўстанская група Парчэўскага, якая ня раз мела перамогі над паасобнымі расійскімі аддзеламі і якая была недасяжнаю для расійскага камандаваньня. Хуткімі маршамі і контрмаршамі яна кружылася каля Беластоку, руйнавала чыгунку, масты, тэлеграф і г. д. А. Духінскі злучыў цэлы шэраг дробных паўстанскіх груп у адзін вялікі аддзел, у якім налічвалася каля 700 чалавек. Гэты аддзел спаткаўся з расійскімі сіламі пад Пілатаўшчызнаю на беразе рэчкі Супрасьлі 17 красавіка 1863 году. Адбылася бойка, у якой паўстанцы былі разьбіты і павінны былі ратавацца тым, што кінуліся наўцекі. Страты з абодвых бакоў, асабліва з боку паўстанцаў, былі вельмі вялікія. Паўстанцам вельмі пашкодзіла няўдалае камандаваньне Духінскага.

29-га красавіка адбылася вялікая бойка пад Валіламі. Вельмі невялікі паўстанскі аддзел пад кіраўніцтвам В. Ўрублеўскага нечакана спаткаўся з моцным расійскім аддзелам. Тым ня менш паўстанцы бойку прынялі. Толькі дзякуючы рашучасьці і цьвёрдасьці Урублеўскага паўстанцам удалося выратаваць свой аддзел ад поўнага зьнішчэньня. 21-га красавіка расійскі аддзел пад начальствам ген. Бекля-

  1. Rok 1863 пna Minszczynie. Ст. 28-29.