Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/164

Гэта старонка была вычытаная

У Ковенскай губэрні таксама было шмат сутычак паміж паўстанцамі і ўрадавымі аддзеламі, якія не падпарадкаваліся кампаніі Серакоўскага. 27 сакавіка адбылася бойка пад вёскаю Новабержамі. Праз два дні адбылася бойка пад Высокім Дваром. Абодвы разы паўстанскія аддзелы былі разьбіты і разагнаны, але ня зьнішчаны. У пачатку красавіка тое самае мы бачым пад Цытавянамі. У канцы красавіка адбылася ўпартая бойка паміж расійскім і паўстанскім аддзеламі Ябланоўскага каля мызы Шайквіц. Ні тая, ні другая старана перамогі ня мелі.

Менш было сутычак у Віцебскай і Магілёўскай губэрнях. У канцы красавіка распачала сваю дзейнасьць невялікая паўстанская група ў складзе 40 чалавек у Аршанскім павеце. У пачатку мая яна была разьбіта каля вёскі Пагосьцішча. У Быхаўскім павеце дзейнічае паўстанская група пад камандаю Анцыпы, у Рагачэўскім — пад камандаю Тамаша Грыневіча. Па жандарскіх данясеньнях дзейнічаюць паўстанскія групы каля Полацку, Лепеля, Себежа і Дрысы. Асабліва моцнаю зьяўляецца група каля Себежа пад камандаю Кульчыцкага. Паўстанскія групы і тут ўносяць дэзорганізацыю ў жыцьцё і вельмі непакояць расійскую ўладу.

Як мы бачым з вышэйпаданага, сялянства ў масе за паўстанцамі не пайшло і вельмі часта выяўляла варожыя адносіны да паўстаньня. Выключэньнем зьяўляюцца тыя мясцовасьці ў Віленскай, Горадзенскай і Ковенскай губэрнях, дзе дзейнічалі крайнія чырвоныя, як В. Ўрублеўскі, К. Каліноўскі, А. Мацкевіч і іншыя, якія апору паўстаньня бачылі ня ў шляхце, а ў сялянах і стаялі на прынцыпе аддачы панскай зямлі сялянам. Ува ўсходніх губэрнях Беларусі — Віцебскай, Менскай і Магілёўскай пераважаюць адмоўныя адносіны сялянства да паўстаньня. Наогул соцыяльная процілегласьць паміж сялянінам і панам адчувалася на кожным кроку на ўсёй тэрыторыі Беларусі, асабліва дзякуючы таму, што на чале паўстаньня вясною 1863 году стаялі белыя як у Польшчы, так і на Беларусі.

На гэты факт соцыяльных процілегласьцяй паўстаньня зьвярнула ўвагу расійская жандармэрыя і пасьпяшалася давесьці гэта да ведама цэнтральнага ўраду. Магілеўскі губэрнскі жандарскі штаб-афіцер 5-га мая 1863 году піша шэфу жандараў, што сяляне ў Магілёўшчыне настроены проці паноў і ня хочуць на іх працаваць. Тым ня менш ён думае, што строгія і крутыя мерапрыемствы ў адносінах да сялян цяпер, калі ідзе паўстаньне, немагчымы і несваечасовы.[1] Потым, калі паўстаньне скончыцца, мясцовае начальства будзе мець поўную магчымасьць прывесьці іх да законнага паслушэнства і парадку. Адным словам, жандар лічыць патрэбным выкарыстаць соцыяльную процілегласьць паміж панам і селянінам проці паўстаньня, а потым засьмі-

  1. Выпісы з докумэнтаў ІІІ аддзяленьня царскай канцэлярыі аб Магілеўшчыне ў 1863 г., зробленыя І. Віткоўскім. Захоўваюцца ў БАН