Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/166

Гэта старонка была вычытаная

Трэба было так ці іначай канчаць зацягнуўшаеся паўстаньне, гэты доўгі „спор славян между собой“ і зьліць „славянские ручьи в русском море“. У Пецярбургу было прызнана, што Віленскі генэрал-губэрнатар Назімаў заслабы для таго, каб справіцца з паўстаньнем на Беларусі і Літве. Было ўхвалена яго з пасады зьняць і на яго месца накіраваць больш моцнага адміністратара. Такім кандыдатам на пасаду Віленскага генэрал-губэрнатара быў прызнаны М. М. Мураўёў.

Гэтая кандыдатура была падказана царскаму ўраду рэакцыйнай прыдворнай групай так званых „самабытнікаў", на чале якой стаяў блізкі прыяцель Мураўёва генэрал Зялёны. 7-га мая 1863 году Мураўёў быў запрошаны ў царскі палац на аўдыенцыю да Аляксандра ІІ, і яму было прапанована заняць пасаду Віленскага генэрал- губэрнатара. Мураўёў, па яго словах адразу гэтай пасады ня прыняў. Ён папрасіў цара, каб той прапанаваў міністрам раней паразумецца з ім па гэтай справе. Мураўёў ведаў, што цэлы шэраг пецярбурскіх вяльмож, як напрыклад, ваенны міністар Мілюцін, міністар унутраных спраў Валуеў, шэф корпусу жандараў Доўгарукі, Пецярбурскі генэрал-губэрнатар Сувораў і інш., ня будуць спачуваць яго назначэньню, бо належаць да больш „лібэральнай" групы так званых „западнікаў". Такою сваёю просьбаю Мураўёў хацеў зрабіць вядомы нажым з боку цара на гэтую групу. Цар згадзіўся з просьбаю Мураўёва і вызначыў папярэднюю камісію, якая павінна была паразумецца з Мураўёвым. Камісію злажылі—Доўгарукі, Мілюцін, Зялёны, Валуеў і сам Мураўёў. Западнікі зразумелі, што цар сукосна дае ім дырэктыву згадзіцца з рэакцыйнай сыстэмай новага Віленскага генэрал-губэрнатара. Не зважаючы на свой „лібэралізм", яны так і зрабілі, хоць і ня зусім былі згодны з кандыдатурай Мураўёва і яго „вешальнай" сыстэмаю.

Спынімся цяпер на асабістай характарыстыцы вешальніка-Мураўёва. Каб зразумець, у чые рукі папалі Беларусь і Літва, нам даволі будзе падаць адпаведны вынятак нават з такога добранадзейнага і лояльнага гісторыка, як проф. Мікалай Бэрг. Ён так апісвае[1] Мураўёва. „Хто ня ведаў, што за фігура ёсьць Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў? На мінулым гэтага чалавека ляжала многа плям і бруду. Было вядома, што ён быў асабліва дасканальным у выкананьні ролі дзікага мангольскага тырана, абкружанага прыхлябацелямі і нявольнікамі. Затое ў адносінах да старшых гэты самы мангольскі сатрап рабіўся цішэйшым ад вады і ніжэйшым ад травы, які ўмеў, што называецца, „гнуцца ў тры разы" і быць падхалімам, асабліва калі ішла справа аб набыцьці чаго-небудзь для сябе. Усе прыпаміналі, як у свае часы Мураўёў займаў тры пасады адначасна: міністра дзяржаўных маёмасьцяй, загадчыка прыватных маемасьцяй царскай фаміліі і дырэк-

  1. Prof. Mikolaj Berg. Zapiski o polskich spiskach i powstaniach. T. II. Warszawa. 1911. Кніга IX, стар. 65-66