Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/167

Гэта старонка была вычытаная

тара корпусу землямераў і па ўсіх трох пасадах атрымліваў вялізныя пэнсіі. Мала таго, выяжджаючы куды-небудзь па службовых справах, ён браў прагонныя грошы адразу па ўсіх трох пасадах, якія займаў, дзякуючы чаму яго празвалі „трохпрагонным міністрам". Прыпаміналі таксама яго ганебную, сапраўды азіяцкую заўвагу, што ён ня з тых Мураўёвых, якіх вешаюць (дэкабрысты, Мураўёў-Апостал. У. І.), але з тых, якія самі вешаюць. Прыпаміналі што... Міхаіл Мураўёў пры вызваленьні сялян, разам з групаю закасьцянелых прыгоншчыкаў, што ня вылазілі з багна цемры і барбарства, ня толькі не спачуваў і не супрацоўнічаў з царом, але з усёю стараннасьцю перашкаджаў справе вызваленьня, заяўляючы, што ніякага вызваленьня ня будзе. Той сьвежы бруд, у якім ён толькі што купаўся, яшчэ не засох і цёк стругамі па яго твары. А самы яго выгляд? Які гэта страшны, мангольскі, нават у Расіі дзіўны тып... Пры поглядзе на яго портрэт кожнаму прыпамінаецца выгляд бульдога“. Да гэтага мы яшчэ дадамо кароткую характарыстыку М. Мураўёва, якую мы знаходзім у запісках міністра ўнутраных спраў Валуева.[1] „Муравьев не имеет никакого понятия и представления о праве. Альфой и омегой его поведения является царский приказ. Право для Муравьева имеет значенне и цену только там, где нет или куда нельзя приспособнть этого приказа. Хан, паша, мурза, мандарин, всё, что хотите, только не министр".

Спынімся крыху на жыцьцяпісу Мураўёва. У гады сваёй моладасьці будучы сатрап-вешальнік быў лібэралам. Ён нават належаў нейкі час да таварыства дэкабрыстаў, але дагадаўся выйсьці з яго разам з іншымі, такімі як ён сам, „лібэраламі", яшчэ да ўзброенага выступленьня дэкабрыстаў. Тым ня менш, калі потым надзвычайная сьледчая камісія распачала процэс над загаворшчыкамі, Маскоўскі обэрполіцмайстар атрымаў ад яе загад заарыштаваць Мураўёва і прывезьці яго ў Пецярбург у турму, што ён і выканаў. Тым ня менш у турме Мураўёву ня прышлося доўга сядзець. Ён скарыстаў верны сродак, каб рэабілітавацца і выйсьці сухім з вады. У сваіх злачынствах ён раскаяўся і „чыстасардэчна" выдаў „злачынствы" іншых удзельнікаў таварыства дэкабрыстаў. Яго „раскаянье" было, відаць, вельмі шчырым і грунтоўным, бо ён ня толькі быў выпушчаны з турмы, але адразу пачаў рабіць добрую кар‘еру. Такім чынам, з самага пачатку кар'ера вешальніка была зьвязана са здрадаю.

У 1827 годзе Мураўёў ужо атрымаў назначэньне на пасаду Віцебскага віцэ-губэрнатара. Тут ён прасядзеў менш году і атрымаў павышэньне. У 1828 годзе ён назначаны ўжо на губэрнатарскую пасаду ў Магілёў. Тут ён прабыў губэрнатарам да канца 1830 году, калі распачалося першае польскае паўстаньне. З пачаткам паўстаньня Мураўёў быў назначаны ўрадоўцам для асобных даручэньняў пры

  1. Дневник гр. Петра Александровича Валуева. Рус. Ст. 1891 г., кн. 10, ст. 148.