Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/169

Гэта старонка была вычытаная

Будучы міністрам дзяржаўных маемасьцяй, М. Мураўёў на першы плян высунуў павялічэньне прыбыткаў скарбу з гэтых маемасьцяй, што ўсёю сваёю цяжкасьцю лягло на шыю скарбовых сялян. Была падвышана агульная сума чыншавога падатку з скарбовых сялян у кожнай губэрні. Апроч чыншавога падатку, быў уведзены асобны грашовы збор за тую зямлю, якою сяляне карысталіся часова звыш свайго асноўнага надзелу. Лясны падатак, які раней ішоў на карысьць сялянскае грамады, цяпер быў накіраваны ў прыбытак скарбу. Асноўны чыншавы падатак вылічаўся ня з прыбытку ад зямлі, а з капітальнай каштоўнасьці зямлі і быў пераіменаваны з падатку у чыншавую плату за зямлю, дзякуючы чаму памер яго зацьвярджаўся не ў законадаўчым парадку, а асабістым распараджэньнем міністра дзяржаўных маемасьцяй. Гэты факт даваў магчымасьць міністру кожны год па сваёй уласнай волі павышаць чыншавую плату. За гады міністэрства М. Мураўёва становішча скарбовых сялян значна пагоршылася. Будучы міністрам дзяржаўных маемасьцяй, Мураўёў, як было ўжо адзначана вышэй, быў ярым супраціўнікам сялянскай рэформы нават у тым выглядзе, як яна вышла ў 61 годзе. Ён стаяў на чале групы прыгоншчыкаў, якая звычайна проціпастаўлялася групе „лібэральных" памешчыкаў. Калі палажэньне 19 лютага 1861 года пашырылася на скарбовых сялян, што былі падпарадкаваны міністэрству дзяржаўных маемасьцяй, Мураўёў супраціўляўся правядзеньню ў жыцьцё гэтага палажэньня, што было аднэю з прычын яго адстаўкі ў 1861 годзе з пасады міністра. У 1862 годзе ён павінен быў выйсьці ў адстаўку і з дзьвюх іншых сваіх пасад, дзякуючы сваёй агульнай непопулярнасьці, Астатняю кропляю, што перапоўніла чашу паблажлівасьці да Мураўёва нават такога ўраду, як расійскі, быў артыкул у загранічным часопісу „Будущность“, у якім былі зьмешчаны скандальныя для Мураўёва матар‘ялы. Толькі пасьля амаль што двухгадовага існаваньня на задворках, кандыдатура вешальніка зноў выплыла на верх у сувязі з паўстаньнем 1863 году. 9 мая адбылася другая аўдыенцыя Мураўёва ў цара; 12 мая - трэцяя. У выніку гэтых аўдыенцый 13 мая ў „Правительственном Вестнике" быў офіцыйна надрукаваны царскі загад аб назначэньні М. Мураўёва генэрал-губэрнатарам Віленскай, Ковенскай, Горадзенскай, Менскай, Магілёўскай і Віцебскай губэрань. Пасьля назначэньня на пасаду Мураўёў заставаўся ў Пецярбургу яшчэ 11 дзён. Гэтыя дні былі ім патрачаны на аўдыенцыі ў цара, нарады з міністрамі, падрыхтоўку ўсякіх палажэньняў і інструкцый для кіраваньня Беларусьсю і Літвою і для падбору „належных" супрацоўнікаў. Прыёмны пакой Мураўёва заўжды быў запоўнены людзьмі, якія добра ведалі, што навакол Мураўёва заўжды бывае даволі мутнай вады, дзе можна лавіць шмат рыбы. З гэтых авантурнікаў падбіраліся будучыя