Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/180

Гэта старонка была вычытаная

Если же затем будет недоставать до надлежащего пополнения магазина, произвести оное из зерна, которое будет собрано в настоящем году с засеянных помещичьих полей, о чем об'явить для сведения как помещикам, так и крестьянам, поручив волостным правлениям, неослабное наблюдение за непременным пополнением магазинов". Калі ў пана ня было магчымасьці засыпаць магазын зярнём, дык пад пагрозаю продажы яго рухомасьці з малатка, ён павінен быў заплаціць каштоўнасьць хлеба грашыма.

У канцы жніўня 1863 году быў выданы абежнік аб тым, каб сяляне, якія былі пазбаўлены зямлі пасьля складаньня інвэнтароў, былі надзелены трыма дзесяцінамі ворнай зямлі на сям’ю. Апроч таго, яны павінны атрымаць ад пана права пасьвіць сваё быдла на яго зямлі. Гэты абежнік пашыраўся нават і на такіх сялян, якія прымалі ўдзел у паўстаньні, але потым раскаяліся, кінулі паўстанцаў і прынесьлі прысягу на вернасьць расійскаму ўраду. Патураньне сялянам, нават паўстанцам, Мураўёў тлумачыў тым, што яны былі ўцягнуты ў паўстаньне ці сілком, ці абяцанкай паўстанцаў даць ім зямлю.

Усе мураўёўскія мерапрыемствы, накірованыя проці шляхты, падалі ня столькі на буйную, колькі на дробную шляхту. Дробнай шляхты на Беларусі, асабліва ў заходняй яе частцы, было вельмі многа. Яна жыла цэлымі засьценкамі ці ваколіцамі. Па свайму экономічнаму дабрабыту такая дробрая шляхта часам зусім мала адрозьнівалася ад сялянства і складала верхні, кулацкі яго пласт. Яна адрозьнівалася ад сялянства яшчэ тым, што была вольнаю. Праўда, існавала і такая шляхта, якая сядзела на зямлі буйнога пана-земляўласьніка і плаціла яму чынш. Такая шляхта цалкам была залежнаю ад буйнога пана і зусім блізка падыходзіла да сялянства. Дробная шляхта выдзяляла з сябе разначынны і наогул дробнабуржуазны элемэнт і давала паўстаньню крайнюю чырвоную групу ў вельмі вялікай яе лічбе. Зразумела, Мураўёўшчына зьвярнула на гэтую дробную шляхту асаблівую ўвагу. Цэлы шэраг рэпрэсійных мерапрыемстваў быў накіраваны спэцыяльна проці гэтай соцыяльнай групы, якую Мураўёў лічыў асабліва шкадлівай і небясьпечнай.

У дадатку да інструкцыі, выдадзенай 24 мая (стары стыль. У. І) 1863 году,[1] Мураўёў вельмі дэтальна спыняецца на гэтай групе. Ён адзначае, што ў ліку асоб, якія прынялі актыўны ўдзел у паўстаньні, налічваецца вельмі значная колькасьць дробнай шляхты і аднадворцаў. Мураўёў лічыць гэтую групу вельмі злачыннай, якую трэба пакараць асабліва цяжка. „От таких преступных шляхтичей и однодворцев, по справедливости не имеющих права пользоваться теми выгодами и удобствами, какие предоставляются крестьянскому сословию, верному своему долгу, немедленно отобрать земельные участки с усадьбами, на коих они водворены, и вместе с находящимся на оных хозяйством

  1. Сборник распоряжений гр. Муравьева, стр. 111.