Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/183

Гэта старонка была вычытаная

происхождения, необходимо. Мы должны, необинуясь, итти этим путем, не взирая ни на какие возгласы, и водворять здесь русскую народность совершенным подавлением польскаго элемента. Всякая другая система действия будет гибельна для нас и поведет к тому концу, что настанет время, когда мы должны будем лишиться всего края“.

Такім чынам, Мураўёў лічыць, што яго сыстэма выклікаецца сілаю абставін, што яна магчыма толькі на Беларусі і Літве, а не ў Расіі. Сутнасьць яе заключаецца ў часовым выкарыстаньні соцыяльных, нацыянальных і рэлігійных процілегласьцяй для політычных мэтаў. Трэба часова ўдарыць па кішэні земляўласьніка, трэба пайсьці на зданьнёвыя ўступкі сялянству для таго, каб зьберагчы ўстоі самаўладзтва ў адзінай непадзельнай Расіі. Самаўладзтва каштуе таго, каб дзеля яго правесьці гэтую спробу, праўда, рызыкоўную, але верную.

РУСІФІКАЦЫЯ БЕЛАРУСІ.

Яшчэ ў пачатку чэрвеня Мураўёў зьвярнуўся з офіцыяльным лістом да Віленскага каталіцкага біскупа Красінскага. У лісьце сваім Мураўёў адзначыў, што каталіцкае духавенства прымае вельмі чынны ўдзел у паўстаньні, вынікам чаго была сьмяротная кара ксяндзоў Ішоры і Земацкага і аддача пад суд вялікага ліку ксяндзоў, якія таксама будуць сурова пакараны. Ксяндзы, як слугі касьцёлу, ня толькі самі не павінны ісьці проці прысягі на вернасьць Расіі, але павінны і сваю паству кіраваць на правільны шлях выкананьня вернападданіцкай прысягі. Біскуп Красінскі павінен сваёю ўладаю і духоўным аўторытэтам напомніць ксяндзом сваёй эпархіі аб іх абавязках, для якой мэты ён павінен выдаць у бліжэйшы час адпаведныя загады і адозвы, прыслаўшы копіі іх да ведама Мураўёву. Ліст да біскупа адначасна быў надрукаваны ў офіцыйным органе „Kuryer Wilenski". У адказ на гэты ліст каталіцкая эпархіяльная консісторыя разаслала за подпісам Красінскага абежнік да духавенства, у якім прапанавала ксяндзом ўстрымлівацца ад усякага ўдзелу ў паўстаньні. Мураўёву не спадабаўся самы тон гэтага абежніку, і ён даў загад аб высылцы Красінскага ў цэнтральную Расію. Біскуп, ня ведаючы аб гэтым загадзе і ратуючыся яд рэжыму Мураўёва, узяў замежны пашпарт нібы для лячэньня і паехаў цягніком у напрамку на Рыгу. У Дзьвінску яму было абвешчана, што замест заграніцы ён паедзе ў выгнаньне ў Пскоў. Аднак, у Пскове Красінскага перасадзілі з вагона ў карэту і па шосэ павезьлі ў Ноўгарад. У Ноўгарадзе яму было абвешчана, што месцам выгнаньня для яго прызначана Вятка, куды біскуп і быў накіраваны, праз Маскву і Казань. Такі маршрут быў даны затым, каб абмінуць Пецярбург, дзе біскуп мог-бы выкарыстаць свае знаёмствы і сувязі з пецярбурскімі