Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/188

Гэта старонка была вычытаная

былі залічаны па той ці іншай канцылярыі... Дайшло памалу да таго, што нават сам Мураўёў хапіўся, што гэты расійскі наезд на Літву пераходзіць усякія межы, і цэлымі вагонамі адсылаў гэтае лайдацтва назад у Расію".

З гэтымі словамі Пшыбароўскага трэба згадзіцца, бо і сам Мураўёў, праўда, вельмі далікатна і асьцярожна, што зусім зразумела, у сваіх запісках заяўляе, што сапраўды з тых урадоўцаў, якія па яго ўласнаму запрашэньню прыбывалі з Расіі на Беларусь, шмат хто абсолютна не адпавядалі свайму прызначэньню. Мураўёў зазначае гэты факт з вялікім жалем, бо, дзякуючы яму, парушаецца мураўёўекая сыстэма абрусеньня Беларусі. Чуткі аб поўнай нягоднасьці урадоўцаў, што прыехалі з цэнтральнай Расіі на Беларусь і Літву, дайшлі аж да Пецярбургу. Нават сам цар, даведаўшыся аб гэтым, быў вельмі незадаволены. Калі Мураўёў у красавіку 1865 году атрымаў у цара аўдыенцыю, дык цар выказаў яму сваё незадавальненьне. Мураўёў у сваіх запісках[1] так апісвае сваю аўдыенцыю. „Гусударь принял меня довольно сухо, и когда я ему об‘яснил еще раз о положении края, то он более молчал, не делая особых возражений, кроме впрочем о том, что среди русских чиновников есть много людей ненадежных".

Што датычыць ліку прыехаўшых з Расіі ўрадоўцаў, дык ён быў вялікі. Сам Мураўёў у сваім „Отчете"[2] вызначае гэтую лічбу больш чым у 3000 чалавек. Як бачым, перад намі вялікая чыноўная русіфікатарская армія. У сапраўднасьці яна была яшчэ большаю, бо, апроч чыноўнікаў, Мураўёў выпісваў з Расіі духавенства і настаўнікаў. Тым ня менш аднымі выпісанымі з Расіі чыноўнікамі Мураўёў абысьціся ня мог. Прыходзілася назначаць і „туземцаў".[3] Праўда, гэтыя туземцы назначаліся на пасады, асабліва на вышэйшыя, „с крайней осторожностью".

Барацьба з польскім земляўласьніцтвам на Беларусі і Літве пачалася яшчэ пасьля паўстаньня 1831 году. Тады было адабрана ў скарб у паноў 315 маёнткаў з насельніцтвам у 110.870 душ мужчынскага полу. У манастыроў было адабрана 182 маёнткі з насельніцтвам у 15.545 душ. Адабраныя ў скарб маёнткі прадаваліся і раздаваліся земляўласьнікам расійскага пахаджэньня. Тым ня менш расійскае земляўласьніцтва ня мела вялікага значэньня ў краі. Напрыклад, у 1860 годзе лік расійскіх земляўласьнікаў складаў ня больш 2% агульнага ліку паноў польскага пахаджэньня.[4] Зразумела, на гэта зьвярнуў сваю ўвагу Мураўёў. Яшчэ ў 1864 годзе Мураўёў унёс у міністэрства дзяржаўных

  1. М. Н. Муравьев. Записки об управ­лении. Русская Старина, 1883 г. Т. 1, ст. 158.
  2. Отчет графа М. Н. Муравьева по управлению Северо-Западным краем. С 1-го мая 1863 года по 17-е апреля 1865 г.
  3. Сборник распоряжений гр. М. Н. Муравьева по усмирению польского мятежа в Северо-Западных губерниях. 1863-1864 г.г. Составил Н. Цылов, Вильна.. 1866 г., ст. 148.
  4. Проф. П. Жукович. О русском землевладении в Северо - Западном крае. Петербург. 1895 г., ст. 23, 28