Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/197

Гэта старонка была вычытаная

інэрцыі быў яшчэ чырвоным, але ўжо пачаў пад уплывам цэлага шэрагу прычын, што намі раней ужо былі зазначаны, няўхільна бялець. Са зьместу докумэнтаў ясна, што Жонд формальна хоча стаяць на тым самым грунце, на якім ён стаяў 22 студзеня, але некаторыя думкі ў докумэнтах ужо сьведчаць аб яго белым ухіле. Жонд стараецца адгарадзіць сябе ад страшэнных рэволюцыйных тэорый, якія пагражаюць усталяванаму ладу Заходняй Эўропы. Далей мы бачым, што ён прыпісвае вызваленьне і надзяленьне сялян не рэволюцыйным запатрабаваньням мас, а добрай волі самых земляўласьнікаў, чаго ў сапраўднасьці ніколі ня было і не магло быць па зразумелых прычынах. Астатняя заява Жонду, апроч таго, ёсьць сваго роду загульваньне з земляўласьніцкаю шляхтаю, якая раней была проці паўстаньня, а цяпер прымушана была прызнаць яго і прыняць у ім удзел.

Праходзіць некалькі тыдняў. Цэнтральны Камітэт-Жонд ужо зусім пабялеў. Але для паўстаньня яму патрэбна сялянская маса. Гэты факт прымушае яго яшчэ раз зрабіць доказ таго, што ён націскае, каб дэкрэт ад 22 студзеня выконваўся. 31 сакавіка 1863 году Жонд выдае наступны загад: „Прымаючы пад увагу, што дэкрэт аб надзеле сялян уласнасьцю не ўва ўсіх яшчэ мясцовасьцях абнародаваны і прыведзены да выкананьня і што, дзякуючы гэтаму, земляўласьнікі, адгаварваючыся няведаньнем, маглі-б патрабаваць ад уласьнікаў сядзіб унясеньня к 1-му красавіка належаных к гэтаму тэрміну выкупу і аброку на аснове ранейшых распараджэньняў, Народны Жонд, разьвіваючы вышэйвызначаны дэкрэт, ухваляе, што такі дэкрэт зьяўляецца абавязковым для ўсіх уласьнікаў маёнткаў, як прыватных, так і казённых (данацый) і царкоўных у Каралеўстве Конгрэсовым, на Літве і Русі (на Беларусі, Літве і Украіне. У. І.) ад дня яго выданьня, і што, дзякуючы гэтаму, належаны да гэтага часу земляўласьнікам выкуп ці аброк спыняецца з 1-га красавіка бягучага году. Усякі, хто ня выконвае гэтага распараджэньня, апроч звароту незаконна атрыманага, будзе падлягаць суровай адказнасьці".[1]

У загадзе, як мы бачым, адзначана, што дэкрэт аб надзяленьні сялян зямлёю ня толькі ня выкананы, як належыць, але далёка ня ўсюды яшчэ абнародаваны. Гэта гаворыць аб вялікай павольнасьці Белага Жонду ў разьвязаньні сялянскага пытаньня. Апроч таго, і частае паўтарэньне дэкрэту гаворыць аб тым, што ён ня выконваўся. Тым ня менш гэтае самае паўтарэньне ў той ці іншай меры популярызавала яго сярод сялянства, што ў вядомай ступені ўцягвала сялян ў паўстаньне. „Што раз часьцей нават здаралася, што сяляне добраахвотна ішлі ў шэрагі паўстанцаў, асабліва ў ваяводзтвах Плоцкім, Мазавецкім і Радамскім".[2] Тое самае зазначае ў сваіх паказаньнях і О. Авэйдэ. „Расположение крестьян тоже изменилось. Конечно, было-бы нелепо

  1. Там-жа. Документ № 9, ст. 89.
  2. Prof. M. Berg. Zapiski o polskich spiskach i powstaniach. Warszawa. 1911 r. Т. ІІ. Ks. ІХ, ст. 12—13.