Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/201

Гэта старонка была вычытаная

да сябе для перагавораў Маеўскага і Авэйдэ. Тут было адзначана, што ўсё зло ў Камітэте Грамадзкага Збаўленьня і ў некаторых чырвоных членах жонду, што „ўносяць анархію" ў справу паўстаньня. Авэйдэ і Маеўскі згадзіліся з тым, што трэба зрабіць пераварот і ўтварыць „кааліцыйны" жонд у які павінны ўвайсьці прадстаўнікі ўсіх напрамкаў. Быў абраны новы жонд, у які павінны былі ўвайсьці такія асобы: Кронэнбэрг, К. Курц, князь Любамірскі, Маеўскі і граф Станіслаў Замойскі. Гэты жонд, тым ня менш, не павінен выступаць да пары, пакуль абставіны паўстаньня не палепшацца. Часова даручана Маеўскаму сформаваць фактычны жонд, які будзе весьці рэальнае кіраўніцтва паўстаньнем. З далейшага мы ведаем, што номінальны, так сказаць, „пачэсны" жонд так ніколі і не выступаў на політычную сцэну. Адно, што трэба адзначыць у гэтым мітычным жондзе — гэта яго яўна выразны белы склад.

Маеўскі адразу прыступіў да набору „коаліцыйнага" (а фактычна белага) жонду. У склад яго ўвайшлі: вядомыя нам Яноўскі і Авэйдэ, прадстаўнікі вельмі памяркоўных, пабялеўшых чырвоных, Уладзіслаў Галэмбэрскі, прадстаўнік Кракаўскіх белых, студэнт Гэйдэльбэрскага унівэрсытэту Станіслаў Кшэмінскі, вельмі фіктыўны прадстаўнік фіктыўнай групы чырвоных, і ўрэшце сам Маеўскі, які ў сваёй асобе сумяшчаў поўную „коаліцыю", бо пачаў з удзелу ў чырвоных гурткох, а скончыў удзелам у белай Дырэкцыі, разам з якою ўдзельнічаў у перагаворах з Велепольскім па пытаньню аб выдачы ў рукі царскага ўраду чырвоных. Як бачым са складу жонду, перад намі бязумоўна зноў белы жонд. Такім і лічылі яго сучасьнікі, што добра відаць з слоў Кракаўскага дзеяча, ультра-белага Станіслава Козьмяна. Аб гэтым „Ліпнёвым" Жондзе ён піша так: „У другой палавіне чэрвеня вынік народны жонд, што быў складзены з памяркоўных элемэнтаў напрамку Рупрэхта; жонд зноў назвалі белым“.[1]

Такім чынам, Чэрвеньскі Жонд зышоў з гістарычнай арэны бяз усякага супраціўленьня. Улада зноў апынулася ў руках белых. Члены жонду падзялілі паміж сабой абавязкі такім чынам: Маеўскі ўзяў сабе адміністрацыю і скарб, Галэмбэрскі—вайсковыя і замежныя справы, Кшэмінскі—прэсу, Авэйдэ—зносіны з провінцыямі, Літвою, Беларусьсю і Украінаю, Яноўскі—-сакратарства. Новы жонд пачаў сваю дзейнасьць з рэалізацыі дэкрэту Чэрвеньскага Жонду аб рэволюцыйных трыбуналах. Найраней быў організаваны трыбунал у Варшаве, потым трыбуналы пачалі організоўвацца і ў іншых гарадох. Гэта была ўступка чырвоным колам. Дзейнасьць трыбуналаў адразу адзначылася цэлым шэрагам тэрорыстычных актаў у адносінах да агентаў царскай поліцыі і жандармэрыі і наогул да тых, каго жонд лічыў шкодным элемэнтам. У самым канцы чэрвеня быў забіты юнкер Ерліч, які зьбіраў у сваю карысьць народны падатак на аснове падробленых ім самім докумэнтаў. У пачатку ліпня быў забіты ўрадовец Т. Ратайскі за даносы на

  1. Stanislaw Kozmian. Rok 1863. T. I. Warszawa. 1903, ст. 212