Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/205

Гэта старонка была вычытаная

кросла, каб Эўропа паклала яе ў новую труну. Няма Польшчы бяз Літвы і Русі, як няма яе і без Кароны. Сумесная іх гісторыя, сумесныя і ўмовы політычнага і грамадзкага жыцьця. Гэта ёсьць непадзельная тройца. Прызнаваць права на жыцьцё за адной толькі провінцыяй і не даваць яго другім — гэта забойства Польшчы".[1] Першае, што кідаецца ў вочы пры разборы проклямацыі, гэта яе надзвычайная туманнасьць і няяснасьць ў адносінах да прызнаньня тых ці іншых аўтаномных правоў Беларусі і Літвы. Другое, што ясна тут падкрэсьлена, гэта — непадзельнасьць адзінай Польшчы. Падкрэсьліваньне гэтага факту было-б для нас зразумелым, каб паўстаўшая Беларусь і Літва з яе чырвоным камітэтам імкнуліся кінуць агульную справу паўстаньня і перайсьці ў лягер абаронцаў царызму, але гэтага ня было. Чырвоныя на Беларусі і Літве, якія зьмянілі Белы Віленскі Аддзел, былі непрымірымымі ворагамі царызму. Яны вялі паўстаньне ў бязьмерна цяжкіх умовах мураўёўскага тэрору, з аднаго боку і здрады белых, з другога боку.

Жонд Маеўскага існаваў да сярэдзіны верасьня. Яшчэ ў канцы жніўня чырвоныя колы, незадаволеныя політыкай жонду, пачалі падрыхтоўвацца да захопу ўлады зноў у свае рукі. З Кракава ў Варшаву прыехаў з сваімі прыхільнікамі Ігнат Хмеленскі. З іх найбольш энэргічнымі былі Э. Кокасінскі і Ст. Франкоўскі. Да Кракаўскіх чырвоных адразу далучыліся прадстаўнікі чырвоных колаў з Кароны. Па тых даных, якія ёсьць у проф. М. Бэрга, магчыма думаць, што чырвоным удалося схіліць на свой бок некаторых блізкіх да жонду асоб. Белы народны жонд Маеўскага хутка даведаўся аб існаваньні ў Варшаве змовы і аб складзе змоўнікаў. Быў даны загад арыштаваць змоўнікаў. Начальнік места Варшавы з жандарамі абкружылі кватэру Нарымскага, дзе звычайна адбываліся пасяджэньні чырвоных, і арыштавалі самога Нарымскага, а разам з ім Кокасінскага і Лісьневіча. Хмеленскага арыштаваць не ўдалося. Арыштаваных зьмясьцілі ў Баварскім готэлі, у пакоі двох народных жандараў. Была вызначана спэцыяльная камісія для сьледзтва і суду над арыштаванымі. У склад камісіі ўваходзілі Качкоўскі, Лемпке і Юзэф Пятроўскі. Трэба дзівіцца неасьцярожнасьці белага жонду пры вызначэньні сьледчай камісіі. Справа ў тым, што Лемпке і Пятроўскі спачувалі змоўнікам; яны вельмі хутка перацягнулі на свой бок і іншых членаў камісіі. Аддзел кінжальшчыкаў, які павінен быў вартаваць арыштаваных і быць выканаўчым органам камісіі, таксама быў на старане арыштаваных змоўнікаў. Замест вядзеньня сьледзтва і суду, камісія вызначыла, што яна цалкам згаджаецца з тым, што жонд Маеўскага ёсьць неаўтарытэтны жонд, які ня мае моцы і ня мае ўплыву на організацыю, што гэты жонд павінен уступіць сваё месца аўтарытэтнаму рэволюцыйнаму чырвонаму жонду.

  1. J.K. Janowskiego. Pamietniki... 1925, ст. 153