Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/210

Гэта старонка была вычытаная

рэлым ворагам. Цікава адзначыць, што і іншыя члены Аддзелу згаджаліся з Малахоўскім. Яны, апроч таго, зазначалі, што ў шмат якіх няўдачах Беларусі і Літвы была вінавата Варшава, якая неразумна ўмешвалася ў справы краю. Пасьля гэтых прамоў зноў узяў слова Малахоўскі. Ён гаварыў, што даволі граць Аддзелу такую пасыўную ролю; Варшава не разумее патрэб краю; трэба самым членам Аддзелу думаць і апекавацца над дабром Беларусі і Літвы. Трэба абавязкова парваць тую залежнасьць ад Варшавы, якая губіць паўстаньне на Беларусі, і, у сувязі з гэтым, перамяніць і назву кіраўнічая цэнтру паўстаньня. Гаворачы гэта, ён палажыў на стол раней падрыхтаваны адбітак новай пячаткі. На пячатцы быў намалёваны гэрб Літвы і Беларусі — пагоня і адбіты напіс „Кіраўнічы Камітэт Літвы".

На пасяджэньні далей пачынае абгаварвацца новы проект узаемаадносін паміж Варшаваю і Вільняю. Для Беларусі патрэбна поўная незалежнасьць. Сувязь паміж варшаўскім і віленскім паўстанскімі ўрадамі, тым ня менш, павінна існаваць. Яна ўстанаўліваецца ўзаемным абменам камісарамі з правам дарадчага голасу пры ўрадах, у якія яны дэлегаваны. На гэтую самую тэму гаварыў і Кастусь Каліноўскі. Ён таксама распачаў сваю прамову з крытыкі Варшаўскага Белага Ліпнёвага Жонду, на чале якога, як мы ведаем, стаяў Кароль Маеўскі. Асабліва абураўся Каліноўскі дзейнасьцю і паводзінамі польскага камісара пры Віленскім урадзе, нікчэмнага Нестара Дюлёрана. Ён, як казаў Каліноўскі, быў злым гэніем паўстаньня на Беларусі і Літве. Ён прымаў чынны ўдзел у зрыненьні першага Чырвонага Віленскага Камітэту і ў замене яго Белым Аддзелам. Цяпер ён зноў паехаў у Варшаву, каб там займацца подлымі інтрыгамі, спасылаючыся нават на падтрыманьне яго самым Каліноўскім.

Я. Гейштор далей зазначае, што ён ня быў згодзен з такім сэпаратызмам чырвоных, аб чым ён і выказаўся ў сваёй прамове. Тым ня менш чырвоныя, па словах аўтара, ня выключаючы і Кастуся Каліноўскага, лічылі патрэбным працаваць разам з ім, Гейшторам, і надалей, бо „Гейштор зьяўляецца лепшым прадстаўніком шляхты". Аб усім тым, што адбылося на пасяджэньні, было ўхвалена напісаць у Варшаву і дадаць новы проект ўзаемаадносін, што быў прыняты ўсімі членамі Аддзелу, выключаючы Гейштора. Апроч таго, было пастаноўлена, што калі на працягу некалькіх дзён Варшава ня прышле адказу, то проект, як не апротэставаны, уводзіцца мэханічна ў жыцьцё.

Апісаныя Гейштарам падзеі закранае ў сваіх запісках і Авейдэ. Ён піша: „Скоро появились разные споры и недоразумения между членами нового состава, в особенности-же между председателем Отдела Гейштором и Дюлераном, имевшим претензии играть роль маленького провинциального диктатора. В добавок Малаховский, бывший сильнее других своих товарищей, как начальник города Вильно, ни с кем не посоветовавшись, хотел сам спасти от погибели Литовскую революцию