Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/223

Гэта старонка была вычытаная

асноўныя рысы К. Каліноўскага — а) крайнасьць яго соцыяльнай програмы і б) „сэпаратыстычныя" беларускія тэндэнцыі. І тое, і другое Гейштору вельмі не падабаецца. Ён называе гэтыя рысы „політычнай вузасьцю, адсутнасьцю беспартыйнасьці і сэпаратызмам". Магчыма, што Гейштор мала памыляецца, калі называе яго занадта даверлівым да людзей. Нам вядома, што аддаў Каліноўскага ў рукі Мураўёва Парфіяновіч, якому Каліноўскі давяраў. Зьвяртаюць на сябе ўвагу словы Я. Гейштора—„на словах крыважэрны дэмагог". У гэтых словах ёсьць шмат праўды. Дэвізы крайніх чырвоных таго часу (Мераслаўскага, Каліноўскага) сапраўды формулююцца вельмі моцна, куды мацней ува ўсякім выпадку, чым гавораць факты. Калі меркаваць па словах і дэвізах чырвоных, у тым ліку і К. Каліноўскага, то нам здаецца, што гэта былі непрымірымыя, рашучыя барацьбіты. На справе выходзіць іначай. У вельмі асноўных пытаньнях яны ідуць на згоду з белымі і працуюць разам з імі. Праўда, гэты факт не касуе розьніцы паміж чырвонымі, асабліва крайнімі, і белымі ў цэлым.

Юзэф Каэтан Яноўскі, сакратар Варшаўскага Жонду некалькіх зьмен, таксама часта гаворыць аб К. Каліноўскім. Мы падаем з яго ўспамінаў[1] толькі два самых характэрных выняткі. У першым томе сваіх успамінаў ён піша аб К. Каліноўскім ніжэйпаданае: „Будучае вызваленьне сваёй бацькаўшчыны яны {чырвоныя на Літве і Беларусі. У. І) бачылі толькі ў палепшаньні долі простага люду і туды яны несьлі патрыятычную пропаганду. Самаю выдатнаю асобаю ў гэтым напрамку быў Константы Каліноўскі. Быў ён адным з дабрароднейшых тагачасных барацьбітоў Літвы, адукаваным, чыстым, поўным самаафярнасьці, розуму і энэргіі. Ён абходзіў пеша Літву і Беларусь, нясучы ў просты люд агонь замілаваньня да бацькаўшчыны. Для магчымасьці больш блізкай сувязі з простым людам ён, ня гледзячы на сваю унівэрсытэцкую адукацыю, сеў на пасаду валаснога пісара. Ён не хацеў мець ніякіх адносін да шляхты, а абапіраўся толькі на народ. Суадносіны Літвы да Польшчы ён разумеў толькі як фэдэрацыйныя, з поўнай незалежнасьцю Літвы. Ён зусім не прызнаваў улады Варшаўскага Цэнтральнага Камітэту і не хацеў адтуль прымаць ніякіх загадаў і прапаноў. На гэтым грунце вынікалі непаразуменьні ў Віленскім Камітэце, бо некаторыя з яго членаў гэтых поглядаў Каліноўскага не падзялялі". Далей, у другім томе сваіх успамінаў Ю. К. Яноўскі піша так: „Канстанты Каліноўскі — адзін з мацнейшых розумаў, які выявіла Польшча ў гэты час, чалавек, адданы душою і целам думцы вызваленьня народу, сапраўдны апостал беларускага народу, сапраўдны волат паўстаньня 1863 году". Як мы бачым з гэтых двух выняткаў, Яноўскі, ня гледзячы на свае прынцыповыя разыходжаньні з Каліноўскім, у вельмі дадатных рысах малюе

  1. J. K. Janowskiego Pamietniki o powstaniu styczniowem. T. I, ст. 426-427: T. II, ст. 115