Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/227

Гэта старонка была вычытаная

сваім жаданьні ехаць у Вільню ў якасьці камісара замест Дюлёрана. Ён спасылаўся на тое, што ў Вільні ён меў шырокія сувязі з рэволюцыйнымі коламі, апроч таго, ён быў у блізкіх адносінах з Кастусём Каліноўскім, які быў яго таварышом па Пецярбурскаму унівэрсытэту. Народны Жонд прыняў гэтую прапанову і паслаў О. Авэйдэ ў Вільню ў якасьці свайго поўнамоцнага камісара. Авэйдэ атрымаў даволі добры пашпарт на імя гандлёвага камісіянэра Людвіка Шмідта. Каб яшчэ больш замясьці сьляды, у падпольных газэтах было надрукавана, што Оскар Авэйдэ загінуў у аднэй бойцы паўстанцаў з расшчамі, і ў сувязі з гэтым быў нават зьмешчаны яго падрабязны нэкралёг.

О. Авэйдэ прыехаў у Вільню ў апошніх лічбах ліпня па старому стылю. Ён ня мог ня прызнаць, што паўстанская справа на Беларусі і Літве знаходзілася ў вельмі цяжкім становішчы. Земляўласьніцкая шляхта ўжо распачала свой масавы здрадніцкі паход да царскага трону. Мураўёўскі тэрор пустошыў шэрагі паўстанцаў, якія яшчэ трымаліся. Нормальныя зносіны з Варшаваю былі амаль што зусім немагчымы. Вельмі цяжка было падтрымліваць зносіны і з паасобнымі мясцовасьямі Беларусі і Літвы. Прыток сродкаў на паўстаньне, дзякуючы адыходу ад яго заможных груп жыхарства, значна зьменшыўся. К прыезду Авэйдэ ў касе Віленскага Камітэту было грошы каля 6.000 рублёў. Прадстаўнікі паўстанскага ўраду на Беларусі і Літве, у тым ліку і сам К. Каліноўскі, маглі падтрымліваць сваё існаваньне, толькі дзякуючы таму, што пастаянна мянялі свае імёны і кватэры. Шмат энэргіі і працы прыходзілася траціць на сваё самазахаваньне, што, зразумела, ускладняла організацыйную і масавую паўстанскую працу як у цэнтры, так і на мясцох.

Авэйдэ распачаў перагаворы з К. Каліноўскім. Ён адразу зазначыў, што Народны Жонд у Варшаве прыцягнуў Дюлёрана да адказнасьці, што ён, Авэйдэ, хоча наладзіць нормальныя ўзаемаадносіны Вільні з Варшаваю. Перагаворы бязумоўна абцяжаліся тым, што Авэйдэ быў прадстаўніком так званага ліпнёвага жонду, програма якога была белаю, у той час як програма Каліноўскага была крайня-чырвонаю. Абцяжаліся перагаворы і фактычнымі прычынамі. Якраз у гэты час адбыўся замах на забойства Дамэйкі. Работа поліцэйскага вышуку і тэрор так узрасьлі, што вельмі цяжка было наладжваць спатканьні для перагавораў. Тым ня менш перагаворы ішлі, дзякуючы асабістым якасьцям як Авэйдэ, так і Каліноўскага, якія былі добрымі консьпіратарамі, апроч таго, ішлі на ўступкі адзін другому. Авэйдэ, паміж іншым, павінен быў прызнаць памылку Варшаўскага Народнага Жонду, што ён падтрымліваў на Беларусі і Літве шляхецкі Белы Аддзел.

Авэйдэ свой побыт у Вільні апісвае наступнымі рысамі. „Таким образом, я остался один с верным, никогда не ослабевавшим Константином Калиновским, на развалинах вдребезги разбитой организации.