бы дагавору, які быў складзены яго поўнамоцным камісарам Авэйдэ, бо ён быў правейшы за свайго камісара, але абставіны злажыліся так, што Авэйдэ ня змог паслаць на зацьверджаньке ў Варшаву складзенага дагавору. Апроч таго, трэба адзначыць, што і гэты незацьверджаны дагавор застаўся толькі на паперы. Не дарма В. Пшыбароўскі зазначыў, што ўмовы дагавору былі толькі марамі. Тое самае зазначаюць у сваіх працах Грабец[1] і Бэрг[2].
А падзеі далей разьвінуліся вельмі няўдала для Авэйдэ. Аб іх дэтальна апавядае М. Бэрг[3] і іншыя аўтары.
Авэйдэ зьявіўся ў Вільню, як мы зазначылі раней, вельмі добра законсьпіраваны. Дзякуючы таму, што ён добра ведаў нямецкую мову, яго нямецкая фамілія — Шмідт — не выклікала ні ў каго з адміністрацыі і староньняй публікі ніякага сумненьня. Апроч таго, поліцыя і жандармэрыя лічыла немцаў наогул больш-менш добранадзейным элемэнтам. Перафарбаваныя ў чорную фарбу сьветлыя валасы рабілі яго зусім не падобным да паўстанца Авэйдэ нават і для тых, хто яго ведаў раней. Публікацыя аб сьмерці Авэйдэ яшчэ больш дапамагала бясьпечна існаваць немцу Шмідту, гандлёваму камівояжэру. Каб яшчэ лепш законсьпіравацца, ён асабліва ў першыя часы хадзіў па буйных магазынах, прапануючы сваю працу, як беспрацоўны. Усё гэта садзейнічала таму, што ён бяз усякіх асаблівых цяжкасьцяй пражыў у Вільні больш тыдня, не зьвяртаючы на сябе ўвагі поліцыі.
У сувязі з замахам на Дамэйку ў Вільні часта адбываліся пошукі і арышты, асоб, прыехаўшых з Варшавы, бо поліцыя лічыла, што замах быў зроблены адным з жандараў - кінжальшчыкаў з Варшавы. Быў зусім выпадкова арыштаваны і Авэйдэ, як прыехаўшы з Варшавы. Авэйдэ трымаў сябе ў турме вельмі добра, докумэнты яго ня выклікалі ніякага сумненьня, нямецкая мова Авэйдэ супадала з яго нацыянальнасьцю па пашпарту. Сьледчая камісія, разабраўшыся ў докумэнтах арыштаванага і апрасіўшы яго, не знайшла нічога падазронага і зрабіла прадстаўленьне генэрал-губэрнатару аб вызваленьні арыштаванага. Мураўёў, верны свайму звычаю, налажыў рэзолюцыю, каб арыштаванага яшчэ патрымаць у турме на ўсякі выпадак. За гэты час у Авэйдэ пачалі адрастаць валасы; і тут выкрылася, што валасы былі афарбаваны. Гэта прымеціў генэрал Лебедзеў, які прыехаў з Пецярбургу для агляду становішча політычных вязьняў у Вільні. Аб заўважаным ён далажыў Мураўёву. Распачалося новае сьледзтва па ўсіх правілах мураўёўскай сыстэмы. Сьледзтва прывяло да выкрыцьця запраўленага прозьвішча Авэйдэ. Сьледчая Камісія абвясьціла Авэйдэ, што ён будзе прысуджаны да шыбеніцы. З другога боку Камісія запэўняла Авэйдэ, што ён будзе памілаваны, калі зробіць „шчырае“