Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/237

Гэта старонка была вычытаная

чырвоным Аддзелам-Камітэтам. Гэта складае пэрыод з пачатку чэрвеня да канца 1863 году. Трэба зазначыць, што партызанскі рух, давол моцны летам, з восені пачынае слабець, што тлумачыцца спадам рэволюцыйнай хвалі і наступленьнем зімніх халадоў.

У Віленскай губэрні дзейнічалі групы Астрога, Альбэртуса, Віслаўха, Любіча, Сэндзіка, Езерскага і іншыя. Гэта былі невялікія паўстанскія групы, якія складаліся з некалькіх дзесяткаў чалавек кожная былі даволі добра ўзброены. Яны хутка пераходзілі з месца на месца, часам злучаліся разам, часам зноў разыходзіліся ў розныя бакі. Яны ўхіляліся ад сутычак з больш-менш буйнымі расійскімі аддзеламі і рабілі ўдалыя напады на дробныя аддзелы, руйнавалі масты, псавалі дарогі, і, дзякуючы сваёй нязлоўнасьці, асабліва псавалі настрой Мураўёву, які паставіў сваёю мэтаю ў першую чаргу засьмірыць Віленскую губэрню. Зразумела, што ён на гэта не шкадаваў сіл. Найраней уладзе ўдалося пазбавіцца ад групы пад кіраўніцтвам Альбэртуса, якая часамі дзейнічала пад самаю Вільняю. У сярэдзіне чэрвеня моцны расійскі аддзел абкружыў паўстанцаў каля мызы Гедройцы. Адбылася зацятая бойка, у выніку якой паўстанскія групы Альбэртуса былі зьліквідаваны. У канцы чэрвеня расійскаму аддзелу ўдалося ўцягнуць у бойку, пры вельмі няўдалых абставінах для паўстанцаў, злучаныя групы Віслаўха і Любіча. 29 чэрвеня адбылася бойка ў Клярышаскім лесе, у выніку якой паўстанцы былі разьбіты і, такім чынам, групы Віслаўха і Любіча былі зьліквідаваны. Аднак праз тыдзень Любічу зноў удалося сабраць невялікую паўстанцкую групу. Ён з сваёю групаю накіраваўся пад Алькенікі, дзе дзейнічалі паўстанскія групы Астрога, Сэндзіка і іншыя. Тут усе паўстанскія групы злучыліся, каб даць бой расійскаму аддзелу пад кіраўніцтвам капітана Карташова. Упартая бойка адбылася 9 жніўня, у выніку якой паўстанцы зноў былі разьбіты. Пасьля гэтай бойкі ў Віленшчыне партызанскі рух амаль што замірае. Паасобныя паўстанскія групы зрэдка робяць напады на пошты, на патрулі і г. д., але ад сутычак з расійскімі аддзеламі ўхіляюцца. Некаторыя з груп перахозяць у іншыя губэрні. Так, напрыклад, зрабіла паўстанская група Астрога. Яна перайшла ў Аўгустоўскую губэрню, дзе дзейнічала да канца верасьня. Толькі пасьля зацятай бойкі, якая адбылася 29 верасьня расійскім сілам урэшце ўдалося канчаткова зьліквідаваць гэтую невялікую, але моцную і дзейную паўстанчую групу.

У Горадзеншчыне мы назіраем рух паўстанскіх аддзелаў вядомых ужо нам Валерыя Урублеўскага, Ромуальда Траўгута, аддзелаў бацькі і сыноў Кабылінскіх, Эйсмонта, Духінскага і інш. Пасьля няўдалай бойкі пад Валіламі і Пагарэлым В. Урублеўскі аддзяліў свой аддзел ад аддзелу Духінскага, які яшчэ ў часы, калі кіраваў паўстаньнем белы Аддзел, быў назначаны начальнікам узброеных сіл Горадзеншчыны і не адзначаўся вялікімі здольнасьцямі. Пасьля аддзяленьня аддзелу Урублеўскага, аддзел Духінскага 4 чэрвеня 1863 году