Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/239

Гэта старонка была вычытаная

Хутка каля яго згуртаваўся значны паўстанскі аддзел, у якім налічвалася каля 200 чалавек. Аддзел трымаўся тактыкі В. Урублеўскага. Звычайна ён дзейнічаў разьбіўшыся на некалькі груп па некалькі дзесяткаў чалавек у кожнай; у патрэбных выпадках ём зьбіраўся ў цэльную адзінку. Так, напрыклад, на падставе жандарскіх данясеньняў мы ведаем, што ў пачатку ліпня аддзел Кабылінскае ў поўным сваім складзе меў некалькі ўдалых сутычак з расійскімі сіламі каля мястэчка Заблудова Беластоцкага павету. На аснове ваенных данясеньняў нам вядома, што 21 ліпня каля ўрочышча Лапнікі адбылася сутычка з расійскімі сіламі аднэй групы (коннай) аддзелу Кабылінскае. Паўстанская група павінна была адыйсьці. Магчыма думаць, што групы Кабылінскага дзейнічалі даволі доўга, выходзячы і за межы Беластоцкага павету.

Жандарскія данясеньні ў чэрвені і ліпні адзначаюць „разбой мятежников" на тэрыторыі Слонімскага павету, не называючы імён начальнікаў паўстанскіх груп. Часам гэтыя групы былі даволі вялікія. Адна з такіх груп, у якой налічвалася 80 конных паўстанцаў, зрабіла напад на мястэчка Ружаны. Заняўшы мастэчка, паўстанцы забралі з пошты зброю, грошы, коняй і калёсы. Пераначаваўшы, яны пайшлі па дарозе на Слонім. Такія самыя „разбои" былі і ў іншых паветах Горадзеншчыны. Сялянства давала паўстанцам харчы і наогул вельмі часта падтрымлівала паўстанцаў. Расійскі ўрад змагаўся з гэтым. Сярод пакараных паўстанцаў мы часта спатыкаем сялян. У лістападзе 1863 году ў Горадні быў расстраляны паўстанец селянін Беластоцкага павету Д. Талінскі. Каля гэтага-ж часу шмат сялян і дробнай шляхты было выслана з Горадзеншчыны ў Сібір.

З другой палавіны верасьня відавочна ўжо прымячаецца спад хвалі паўстаньня ў Горадзеншчыне. Прынамсі расійская жандармэрыя ўжо адзначае гэта. Горадзенскі жандарскі губэрскі штаб-афіцэр у сваім адносьніку на імя шэфа жандараў піша:[1] „В настоящее время можно утвердительно сказать, что польский мятеж, проникнувший и в Гродненскую губернию, незадолго прекратится совершенно“. Жандарскі афіцэр далей адзначае, што ўжо пачалі зьяўляцца „с повинной“ удзельнікі паўстаньня. Калі і прыняць факт спаду хвалі паўстаньня ў Горадзеншчыне, то ўсё-ж трэба прызнаць, што да поўнага замірэньня Горадзеншчыны яшчэ далёка. Мы, напрыклад, з тых-жа самых жандарскіх данясеньняў ведаем, што нават у сакавіку 1864 году ў Бельскім павеце каля вёскі Прушанкі яшчэ дзейнічала невялікая паўстанская група.

З Горадзеншчыны ў пачатку чэрвеня перабраўся ў Меншчыну праз рэчку Гарынь у Пінскі павет аддзел Р. Траўгута, у які ў канцы

  1. Збор докумэнтаў т-ша Я. Віткоўскага. Папка: „О беспорядках в Царстве Польском и в Западных губерниях. Общие сведения по Гродненской губернии".