Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/246

Гэта старонка была вычытаная

обывателям, тем более, что трудно было изловить их. Скрываясь в лесах и помещичьих мызах, эти мелкие шайки своими набегами на имения русских и поляков, обнаруживших преданность правительству, наводили страх на мирных жителей“. Як мы бачым з вышэйпаданых выняткаў, паўстаньне набыло больш чырвоны характар. Паўстанскія аддзелы складаліся з эксплёатуемых і дробнабуржуазных элемэнтаў. Яны цяпер рынуліся на царскі ўрад і на паноў як расійцаў, так і палякаў.

Тым ня менш сілы паўстаньня слаблі. Зьмяншаліся экономічныя сродкі паўстаньня, зьмяншаліся і людзкія сілы, бо сялянства масава так і не ўвайшло ў паўстаньне, павялічваўся з кожным днём тэрор. Усё звужвалася мёртвая пятля, якая абхапляла чырвоны паўстанскі ўрад. У пачатку сьнежня па абгавору былі арыштаваны бліжэйшыя супрацоўнікі Каліноўскага — Дарманоўскі і Здановіч. Разам з імі было заарыштавана і шмат докумэнтаў організацыі. Расійскі ўрад прыняўся пагрозамі, катаваньнямі і абяцанкамі дабівацца ад арыштаваных, каб яны выдалі сваіх таварышоў па рэволюцыйнай дзейнасьці. Тым ня менш ніякіх паказаньняў, патрэбных царскаму ўраду, яны ня далі. Спакойна, з глыбокаю вераю ў моц сваёй справы абодва яны загінулі на шыбеніцы ў канцы сьнежня 1863 году. Хутка царская ўлада напала і на сьлед Малахоўскага. Каб па яго сьлядох сышчыкі не напалі на сьлед рэштай організацыі, ён павінен быў вакольнымі сьцежкамі ўцячы ў Пецярбург, а адтуль за граніцу.

Кіраваць справамі застаўся амаль што адзін Каліноўскі. Пераконаны ў правільнасьці сваіх поглядаў, сьмелы, энэргічны і вытрыманы, ён усё яшчэ імкнецца працягнуць паўстаньне. Ён увесь час у руху: нанова "організуе партызанскія аддзелы, падтрымлівае старыя, знаходзіць усё новых і новых супрацоўнікаў, агітуе, піша, пашырае адозвы і г. д. Што ні тыдзень прыходзіцца яму мяняць сваё прозьвішча, што ні дзень — сваю кватэру і вопратку. Усе спробы царскай жандармэрыі і поліцыі злавіць яго канчаюцца поўнай няўдачай, бо верныя людзі сярод сялянства і гарадзкіх нізоў папераджаюць яго аб небясьпецы і даюць яму часовы прыпынак, ня гледзячы на тое, што ім за гэта пагражае цяжкая кара, ня гледзячы на тое, што за галаву Каліноўскага вызначана грашовая нагарода. Каліноўскі чакае вясны, каб зноў распачаць паўстаньне, але ўжо бяз белай земляўласьніцкай шляхты, апіраючыся на шырокія, сялянскія масы Беларусі і Літвы. Ён пераконвае паўстанцаў у неабходнасьці пацярпець да цёплых дзён вясны, калі лік іх зноў павялічыцца, а лясы дадуць ім лепшы прытулак для паўстанскай барацьбы.

Але царызм быў мацнейшы за паўстанцаў, не драмала і здрада. Думаючы, што Цэнтральны Паўстанскі Камітэт знаходзіцца ня ў Вільні, а ў Менску, Мураўёў у пачатку студзеня (па старому стылю) году паслаў туды на выведку спэцыяльную камісію на чале