Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/260

Гэта старонка была вычытаная

справы замаху ня мелі ніякіх адносін. Хутка адбыўся суд, які прысудзіў Аммэра да кары сьмерцю. Когутоўскі не дачакаўся суду і павесіўся ў турме. Кара сьмерцю Аммэра адбылася 11 лістапада.

Белым напрамкам політыкі Траўгута тлумачацца адносіны яго да Л. Мераслаўскага. Пшыбароўскі[1] вельмі яскрава малюе гэтыя адносіны. „Апроч Масквы і Немцаў, пісаў Траўгут, мы маем ашчэ горшых, бо дамовых ворагаў, — праўдзівых прыхільнікаў Мераслаўскага. Гэта — людзі, якія маюць адзін занятак, альбо, лепш кажучы, рамяство — руйнаваць жонд, і якія сваім верасеньскім пераваротам, амаль што ўсяго ня згубілі". „З усялякімі інтрыганамі і руйнавальнікамі, пісаў Траўгут у іншым месцы, трэба змагацца з поўнай суровасьцю, бо яны, як свае, зьяўляюцца горшымі няпрыяцелямі краю, чымсі маскалі і немцы. Ня трэба абмінаць малых рэчаў, зло трэба нішчыць у самым пачатку, каб яно ня мела часу набрацца сілы, бо потым будзе трудней". Аўтар (Пшыбароўскі) вельмі спачувае Траўгуту і кажа, што адносіны Траўгута да Мераслаўскага і мераслаўчыкаў мелі рацыю. З вынятку ясна, што чырвоных Траўгут лічыць сваімі політычнымі ворагамі і пры гэтым нават горшымі ворагамі, чымсі расійскі царызм. У сувязі з гэтым 8 лістапада 1864 году жонд Траўгута пасьпяшыў паслаць адстаўку Мераслаўскаму, які ў часы верасеньскага чырвонага жонду займаў пасаду генэральнага організатара ўзброеных сіл. Прыезд у Варшаву асабістага сакратара Мераслаўскага Яна Кўжыны Траўгут спаткаў з вялікім незадавальненьнем. Калі Кужына прапанаваў Траўгуту выкарыстаць яго для якой-небудзь паўстанскай працы, Траўгут адмовіў яму ў гэтым. Кужына не адразу здаўся. Ён зрабіў спробу організаваць у Варшаве чырвоных у процівагу белай дыктатуры Траўгута. Такая, організацыя ўсё-ж не наладзілася, і Кужына павінен быў выехаць з Варшавы за граніцу.

Дыплёматычная сытуацыя таго часу падтрымлівала настрой белай дыктатуры. У першых лічбах лістапада Францыя выступіла з прапановай склікаць агульна-эўропейскі конгрэс для вырашэньня розных спрэчных міжнародных пытаньняў, у тым ліку і польскага пытаньня. Чуткі аб гэтай прапанове разышліся навокал, прасякнулі і ў Польшчу. Нават царскі ўрад крыху зьлякаўся. Цар выдаў на імя былога намесьніка Польшчы, вял. князя Константына, рэскрыпт, у якім зазначыў, што'расійскі ўрад у выпадку засьмірэньня Польшчы будзе праводзіць там рэформы і верне Константына на ранейшую пасаду намесьніка. Чартарыйскі піша з Парыжу Траўгуту ліст аб неабходнасьці трымацца да вясны. Па яго думцы вясною распачнецца інтэрвэнцыя чужаземных дзяржаў на Расію, і Польшча будзе вызвалена ад прыгнечаньня Расіі. Траўгут усімі сіламі імкнецца дацягнуць паўстаньне да вясны.

З вялікаю цяжкасьцю, але паўстаньне цягнецца. Паўстанскія грулы яшчэ даволі актыўна дзейнічаюць на Падлясьсі, а таксама на

  1. Dzieje 1863 roku, przez... W. РrzуЬогоwskiego. Krakow. 1919. Т. V, ст. 243—244