Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/263

Гэта старонка была вычытаная

з паўстанцамі. На 1 студзеня 1864 году ў вясковых вартах ужо налічвалася 4.350 пешых і 436 конных вартаўнікоў. Урадавая газэта „Dziennik Powszechny“ пачынае на сваіх старонках зьмяшчаць падзякі расійскага ўраду абываталям за тое, што яны дапамагаюць паасобным вайсковым часткам змагацца з паўстанскімі аддзеламі.

Як і на Беларусі, у Польшчы распачынаецца кампанія вернападданіцкіх адрасоў. Першы такі адрас быў пададзены 2 лістапада ад жыхароў мястэчка Нешавы. Адрас быў організаваны заможнаю часткаю жыхарства. З гэтага часу адрасы пасыпаліся адзін за адным аж да красавіка 1864 году. Звычайна яны друкаваліся ў газэце „Dziennik Powszechny". Асабліва многа адрасоў было падана ў студзені і лютым 1864 году. Земляўласьніцкая шляхта падала 13 адрасоў з 3.220 подпісамі, каталіцкае духавенства падало 8 адрасоў з 568 подпісамі, за імі цягнуліся заможныя пласты гарадоў і г. д. Тон адрасоў такі самі подлы і падхалімскі, як і на Беларусі. Радамскі адрас пачынаецца так: „Найясьнейшы цар, найміласьцівейшы кароль, найукаханы айцец, пан і дабрадзей наш". Яўрэйскія заможныя групы не адставалі ад шляхты. У адным з такіх адрасоў напісана так: „Польскае каралеўства чорна запляміла сябе перад абліччам тваім (разумеецца цар. У. І.) і ўсяго сьвету. Мы гардзімся расійскім імем і, як верныя сыны Расіі, прызнаем яе за адзіную і беспасрэдную нашу бацькаўшчыну, правамі і ўладаю якой імкнёмся быць кіраванымі". Поруч з ростам адрасоў зьмяншаюцца сродкі ў паўстанскай касе. У студзені 1864 году сродкі касы складаюць 2038 рублёў, у лютым яны зьмяншаюцца да 1227 рублёў, у сакавіку мы назіраем яшчэ большае падзеньне, лічбы, — толькі 152 рублі.

Зразумела, усё гэта не магло не абураць тыя элемэнты паўстаньня, якія асталіся на позыцыі далейшага працягу паўстаньня. Начальнік места Варшавы Вашкоўскі паставіў перад Траўгутам пытаньне аб неабходнасьці выдаць ад імя жонду дэкрэт, які-б асудзіў і забараніў падачу адрасоў. Траўгут адмовіўся зрабіць гэта, мотывуючы тым, што няма сэнсу выдаваць дэкрэты, ведаючы наперад, што яны ня будуць выкананы. Тады Вашкоўскі ад свайго імя, як начальнік места, выдаў спэцыяльную адозву, у якой ён заклікаў жыхароў як Варшавы, так і ўсёй Польшчы ўстрымацца ад падачы вернападданіцкіх адрасоў. Адозва Вашкоўскага ня мела ніякага ўплыву на падзеі. Наадварот, да адрасоў хутка далучыліся яшчэ банкеты, якія даваліся прадстаўнікамі польскай чыноўнай і нячыноўнай магнатэрыі на чэсьць расійскага царызму. Першы такі банкет быў даны ў канцы студзеня 1864 году прэзыдэнтам места Варшавы генэралам Віткоўскім у сувязі з падачай вернападданіцкага адрасу ад Варшавы. Хутка такія банкеты перакінуліся з Варшавы ў провінцыю. Земляўласьніцкая шляхта і прадстаўнікі прамыслова-гандлёвых колаў замест удзелу ў паўстаньні заняліся, як тады гаварылі ў опозыцыйных колах, „танцаваньнем на