Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/35

Гэта старонка не была вычытаная

Тым ня менш рачаістасьць давала сябе адчуваць. Кожны пражыты дзень прыносіў з сабою факты, якія гаварылі, што ўрад па сутнасьці не зьмяняе сваёй старой політыкі. Для дробнай шляхты і дробнай буржуазіі, што менш хварэла на ўгодлівасьць, гэта было ясна з самага пачатку. Яшчэ вясною 1856 году ў часе свайго першага прыезду ў Варшаву Аляксандар ІІ на прыёме польскай дэпутацыі сэнатараў, буйной шляхты і каталіцкага духавенства скончыў прамову такімі словамі: „Вы таксама блізкі майму сэрцу, як фінлянцы і іншыя расійскія падданыя, аднак вымагаю ад вас, каб устаноўлены маім бацькам парадак ні ў чым ня быў парушаны. Дзеля гэтага, паны, кіньце лятуценькі, бо я змагу супыніць усялякія лятуценьні (крозы) і змагу распарадзіцца, каб яны ня вышлі за межы выабражэньня саміх крозьбітаў“.[1]Словы зусім ясныя, над і пастаўлена выразная кропка. Так было ў Польшчы.

Ясна была выказана програма расійскага ўраду і беларускай земляўласьніцкай шляхце. Калі Аляксандар ІІ у 1858 г. быў у Менску, то віцебская земляўласьніцкая шляхта падала яму адрас з наступнымі політычнымі пажаданьнямі: павялічыць на Беларусі лік касьцёлаў, дазволіць у школах на Беларусі выкладаць польскую мову, што было дазволена для тэрыторыі Літвы, і залажыць унівэрсытэт у Полацку. Цар не згадзіўся выканаць аніводнага пажаданьня і ў адказнай прамове вызначыў, што Беларусь ёсьць „искони русский край“, зьвязаны з Расіяй гістарычнымі сувязямі. Гэты адказ даваў поўную магчымасьць беларускай угодлівай земляўласьніцкай шляхце зразумець, што ня можа быць ніякай размовы аб далучэньні Беларусі да Польшчы.

Паступова і ў угодлівых земляўласьніцкіх галовах павінна была ўстанаўлівацца думка аб тым, што па ўласнай добрай волі расійскі ўрад нічога ня дасьць ні для Польшчы, ні для Беларусі. Паступова павінны былі зьнікаць надзеі на лібэральнасьць расійскага ўраду нават ў угодлівых колах. Гэта вельмі яскрава магчыма бачыць на настроі вышэйпамянёнага беларускага песьняра В. Каратынскага. У 1858 годзе ён ускладае свае надзеі на расійскі ўрад і піша прывітальны верш Аляксандру ІІ, а ў 1863 г. ён ужо складае агітацыйны проціўрадавы верш „Гутарка старога дзеда", у якім мы чытаем наступнае: „Эй скажыце добры людзі, што ужо на сьвеце будзе? Чы то так бог судзіў з намі — прапасьць навек з маскалямі?"[2] Праезд Аляксандра ІІ праз Беларусь у Польшчу ў 1860 годзе суправаджаўся ўжо зусім нязначным паломам на Беларусі, а ў Варшаве ўжо былі яскравыя факты варожых адносін да расійскага цара з боку выступіўшай ужо опозыцыі.

  1. I. Grabiec. Rok 1863. Wyd. II. Pozпап. 1922, ст. 27.
  2. M. Гарэцкі. Гісторыя Белар. лiтapaтуры, ст. 140.