Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/41

Гэта старонка не была вычытаная

Як мы бачым, адозва напісана ў белым стылі Земляробскага Таварыства і мільлеранаў, якія складалі кіраўнічае ядро дэлегацыі. Адначасна з ёю пашыраецца па вёсцы і пастанова Земляробскага Таварыства, аб якой мы гаварылі вышэй. Сутнасьць яе была выказана і ў адозьве: „дабрахвотна, przez oczynszowanie do uwlaszczenia”. Само сабою зразумела, што ні адозва, ні пастанова Таварыства не зрабілі ніякага ўражаньня на сялянства. Селянін зусім не прызнаваў гэтай заблытанай і складанай процэдуры абчыншаваньня, ня верыў у тое, што пан калі-небудзь добрахвотна прыступіць да надзяленьня яго зямлёю, і думаў аб зусім іншым атрыманьні зямлі ад пана.

З усіх бакоў ідуць весткі аб непаразуменьнях паміж сялянамі і ўласьнікамі маёнткаў. У многіх мясцовасьцях сяляне адмаўляюцца ад выкананьня паншчынных абавязкаў і ня хочуць рабіць ніякіх умоў з панамі. Паны, да якіх таксама зьвярталася і адозва і пастанова, свае земляўласьніцкія інтарэсы не маглі ня ставіць вышэй інтарэсаў таго „народу", аб якім пісала адозва. У выпадках „непаслушэнства” сялян яны зьвярталіся да царскай улады і да расійскай вайсковай сілы. Гэта яшчэ больш падбурала сялян. Сярод іх пайшлі чуткі, што крывавыя здарэньні ў Варшаве былі выкліканы тым, што паны не хацелі выканаць царскага маніфэсту аб вызваленьні сялян і надзяленьні іх зямлёю. Па гэтаму пытаньню абежнік адміністратара Плоцкай дыяцэзы гаворыць так: „Няпрыяцелі краю і народнай справы пашырылі сярод сялянства абманную думку аб тым, што земляўласьнікі перадалі сялянству (шляхам крэдытовай пазычкі, якая яшчэ будзе зроблена), землі, але гэтыя грунты ня шляхта, а цар ім падараваў; да гэтага яшчэ дадаюць, што, калі паны не згадзіліся выканаць царскі загад, расійскі ўрад за гэта загадаў у іх страляць, адсюль і наступілі тыя смутныя выпадкі, якія падрабязна ўжо ўсім вядомы”.[1]

Аб непарадках сярод сялянства ў Польшчы гавораць і рускія крыніцы. „У многіх мясцовасьцях к вясьне 1861 году сяляне адразу, як-бы па агульнай маўклівай згодзе паміж сабою, прыпынілі паншчынную працу. А дзе праца яшчэ і рабілася, дык там сяляне выказвалі ў адносінах да панскіх арандароў і эканомаў зьнявагу. З усепадданейшай справаздачы ўрадавай камісіі міністэрства ўнутраных спраў відаць, што надзвычайныя непарадкі, якія выявіліся найраней у Люблінскай губэрні, у хуткім часе пашырыліся амаль на ўвесь край, так што закранута было непарадкамі больш 20.000 сялянскіх двароў”.[2]

Такім чынам, сялянства ў сваёй масе не падтрымала таго руху, які распачаўся ў Варшаве. Яно было занята сваёй уласнай барацьбой за вызваленьне з-пад апекі пана і за зямлю. Яно пайшло-б за Варша-

  1. J. Grabiec. Rok 1863. Wyd. IV. Poznаn.-1922, ст. 63.
  2. Исследования в Царстве Польском по высочайшему повелению, произведенные под руководством сенатара Милютина. 1863 г. T. I. Предложения об устройстве крестьян и сельских гмин. СПБ. Об устройстве крестьянского быта в Царстве Польском, ст. 27.