Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/61

Гэта старонка не была вычытаная

Ня гледзячы на шэраг матар‘ялаў, выкарыстаных намі, усё-ж трэба вызначыць, што мы маем вельмі мала даных для дэтальнай характарыстыкі як сялянскага руху 1861-2 гадоў, так і тых рэволюцыйных агітатараў, якіх Гілер называе лясьнікамі, а Хрулёў эмісарамі Мераслаўскага.

Калі расійскі ўрад не адважыўся ў адносінах да опозыцыйных польскіх паноў на Беларусі на паўтарэньне Галіцыйскай разьні, ён тым ня менш не адмовіўся ад таго, каб ударыць па іх другім спосабам, вельмі блізкім да Галіцыйскай разьні. Аб гэтым спосабе гаворыць „Цыркулярная пропозыцыя Віленскага генэрал-губэрнатара начальнікам губэрань“[1], якую ён разаслаў 15 жніўня (стары стыль) 1861 году. Сутнасьць пропозыцыі такая. Пасьля апублікаваньня і рэалізацыі палажэньня аб сялянах, што пазбавіліся прыгоннай залежнасьці, у шмат якіх мясцовасьцях папсаваліся адносіны паміж сялянамі і земляўласьнікамі. Для ўстанаўленьня парадку земляўласьнікі часта зьвяртаюцца з просьбамі аб прысылцы ў іх маёнткі вайсковых каманд. Такія каманды звычайна пасылаліся на месцы. Гэтая пасылка вайсковай сілы нічым ня можа быць апраўдана, бо памешчыкі і міравыя пасрэднікі маюць у сваіх руках поліцэйскую і распарадчую ўладу і павінны самі падтрымліваць парадак у маёнтках. Тым больш, што непаразуменьні, якія вынікаюць паміж уласьнікамі і сялянамі, ня маюць характару хваляваньня, а самі паны прымаюць удзел у проціўрадавых хваляваньнях у гарадох, пераносячы іх у мястэчкі і вёскі. Дзеля гэтага генэрал губэрнатар прапануе губэрнатарам: „у панскія маёнткі па просьбах і пажаданьнях памешчыкаў, якія выклікаюць няпрыязнасьць адносін і халоднасьць да іх інтарэсаў з боку сялян, найчасьцей сваёю чыннасьцю, вайсковых каманд не назначаць, абавязаўшы памешчыкаў самім клапаціцца аб аднаўленьні парадку шляхам угавораў і ўзгадненьняў, а тыя вайсковыя каманды, якія цяпер для гэтай патрэбы знаходзяцца ў маёнтках уласьнікаў, адразу вывесьці“ (стар. 131). Трудна праверыць, наколькі пасьлядоўна і строга праводзіўся ў жыцьцё гэты цыркуляр. Ясна адно, цыркуляр пагражае опозыцыйнай польскай земляўласьніцкай шляхце, што расійскі ўрад паставіць яе безабароннаю перад націскам абуранага сялянства.

Неспакойны стан краю прымусіў генэрал-губэрнатара Назімава зьвярнуцца да такога сродку, як выезд у провінцыю. Такі выезд і быў зроблены ўлетку 1861 г. Маршрут выезду быў даволі вялікі. Праз Ліду і Слонім Назімаў даехаў аж да Берасьця. Пасьля доўгай астаноўкі ў Берасьці Назімаў накіраваўся назад у Вільню праз Высокае, Беласток і Горадню. Аб‘ездам былі закрануты больш залюдненыя мясцовасьці, і яму быў прыдадзены ўрачысты характар. Назімава суправаджала вайсковая варта і вялікая бліскучая сьвіта. На мясцох орга-

  1. Ibidem, докумэнт № 20, ст. 130-131.