Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/62

Гэта старонка не была вычытаная

нізоўваліся ўрачыстыя спатканьні са звонам у званы і прысутнасьцю духавенства. Зразумела, на спатканьне генэрал-губэрнатара зганяліся ваколічныя сяляне ў сьвяточных вопратках, з хлебам-сольлю і з крыкамі „ўра“. Назімаў лічыў патрэбным выступаць перад прысутнымі нават з расійска-патрыятычнымі прамовамі. Па тых матар‘ялах, якія ў нас маюцца, офіцыяльны ўрадавы прамоўца найчасьцей гаварыў аб тым, што ласкаю расійскага цара сялянства вызвалена ад прыгону, у якім яно знаходзілася сотні год. Зразумела, пры гэтым рабілася параўнаньне расійскага ўраду з былым урадам падзеленай Рэчы Паспалітай Польскай, які нічога не зрабіў на карысьць сялянства. Сам Назімаў так гаворыць аб зьмесьце сваіх прамоў: „У часы майго аб‘езду мінулым летам некаторых мясцовасьцяй края, даверанага майму кіраўніцтву найвышэйшаю ўладаю, я тлумачыў сялянам як тыя выгады і правы, якімі яны павінны карыстацца пасьля апублікаваньня царскага маніфэсту аб вызваленьні сялян, так і тыя ўмовы, якія павінны зрабіцца грунтам для далейшых адносін сялян да ўраду і да земляўласьнікаў. Я запрашаў сялян, каб яны цярпліва чакалі паступовага зьдзяйсьненьня такой складанай і цяжкай справы, якая робіцца для іх ўласнага дабра па волі найласкавейшага монарха“.[1]

Некаторыя аўтары кажуць, што Назімаў выяжджаў спэцыяльна, каб агітаваць проці опозыцыйнага польскага панства на Беларусі і што непарадкі сялянскія залежалі выключна ад гэтай агітацыі. Калі мы прымем пад увагу вышэйпаданыя докумэнты, дык трудна згадзіцца з тым, што Назімаў адважыўся на актыўную агітацыю сярод сялянства проці паноў. Тым менш магчыма згадзіцца з другою думкаю, што сялянскія хваляваньні, накіраваныя супроць паноў, выключна залежалі ад агітацыі офіцыяльнага агітатара. Былі іншыя больш важныя прычыны соцыяльна-экономічнага характару, якія падымалі сялян проці земляўласьніцкай шляхты.

Настала летняя страдная пара 1861 году. На сялян, як на часова абавязаных, вялікім цяжарам легла зьбіраньне панскага ўраджаю. Сяляне масамі пачалі кідаць працу на панскіх палёх і наогул адмаўляць паном у паслушэнстве. Прадбачыліся вялікія страты для паноў. Зямляўласьніцкая шляхта, папаўшы ў цяжкае становішча, па старому спрабаванаму звычаю зьвярнулася за дапамогаю да расійскай улады. Царская адміністрацыя, ня гледзячы на вышэйпаданы цыркуляр ад 15 жніўня, усё-ж такі прышла на дапамогу паном. Назімаў пасылаў на засьмірэньне сялян вайсковыя аддзелы, якія бізунамі, настоямі, а часам і зброяю наводзілі парадак і прымушалі сялян да паслушэнства паном. У гэтай галіне былі нават „героі“. Асаблівую славу ў справе рэпрэсій над непаслухмянымі сялянамі набыў сабе адзін з ад‘ютантаў Назімава Міхнёў, пад загадам якога былі карныя казацкія аддзелы.

  1. Ibidem, докумэнт № 197, ст. 192