Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/68

Гэта старонка не была вычытаная

адна на Троцкай вуліцы, каля дамініканскага касьцёлу, другая каля вострабрамскага касьцёлу, трэцяя ў касьцёле Яна і каля яго. Найвялікшай была група на Троцкай вуліцы. Яна, нясучы і вядучы з сабою зьбітых і параненых, накіравалася да палацу генэрал-губэрнатара. Казакі і паліцыя накінуліся на дэмонстрантаў і пагналі іх да Вострай Брамы. Тут была разагнана і тая група, што сабралася раней. Трэцяя група разышлася сама сабою. Расходзячыся сьпявалі сьпеў „Божа, што Польшчу“. Праз гадзіну ўсё заціхла, вуліцы апусьцелі. Поліцыя і казакі паставілі на вуліцах і плошчах варты і арыштавалі западазроных асоб.

Абурэньне ў горадзе было вялікае. Яно ахапіла ня толькі шляхецкія і інтэлігенцкія колы, але і мяшчанскія і рамесьніцкія масы, бо яны складалі асноўную гушчу маніфэстантаў, якая найбольш і пацярпела ад штыхоў, прыкладаў і бізуноў. Ідзе рэволюцыянізацыя гарадзкіх нізоў. З гэтага часу яны ўсё часьцей і часьцей выступаюць на вуліцу.

Па гораду ходзяць чуткі аб забітых і параненых. Кажуць, што казакі заганялі людзей у Вілію і там тапілі іх. Усё гэта яшчэ больш падбурае, і рэволюцыянізуе масу. Устанавіць сапраўдны лік забітых і параненых вельмі цяжка. Крыніцы даюць такія лічбы, якія вельмі непадобны адна на другой. Па офіцыйных даных лічыцца толькі 23 асобы параненых. З гэтым згадзіцца ня можна: Бязумоўна былі памершыя ад ран, і параненых было значна больш за 23.

Весткі аб падзеях у Вільні разыходзяцца па Польшчы і па Заходняй Эўропе. Яны ўвязваюцца з гадавінай Люблінскай уніі. Герцэн і іншыя рэволюцыянэры таго часу лічаць, што 18-га жніўня Беларусь і Літва паказалі, з кім яны хочуць ісьці: з царскай Расіяй, ці з рэволюцыйнай Польшчай. У польскай падпольнай прэсе віленскай маніфэстацыі прыдаецца вялікае значэньне. Лік забітых і параненых павялічаецца з агітацыйнай мэтаю. Па ўсёй Польшчы пракацілася хваля жалобных набажэнстваў па забітых у Вільні.

Чуткі аб забітых і параненых у Вільні падымаюць такі шум у Польшчы і Заходняй Эўропе, што цэнтральны ўрад павінен быў даць Назімаву дырэктыву, каб ён што-небудзь зрабіў для абвяржэньня іх. Для гэтай мэты генэрал-губэрнатар выклікаў да сябе шляхецкага маршалка Віленскай губэрні Дамэйку і гарадзкога галаву Вільні Штраўса, якім офіцыйна паставіў запытаньне: ці ёсьць ў іх весткі, што хто-небудзь з прыежджай у горад шляхты ці жыхароў гораду забіты, паранены, ці ўтоплены ў Віліі ў часы маніфэстацыі 18-га жніўня. І той і другі офіцыйна далі адказ, што такіх вестак у іх няма. Тады Назімаў гэтыя офіцыйныя адказы апублікаваў, дадаўшы да іх сэнтэнцыю, што „адпраўляць набажэнствы па забітых, якіх ніхто не забіў, не выпадае, бо гэта ёсьць зьдзек над сьвятым абрадам“. Ня гледзячы на гэтую офіцыйную ўрадавую абвестку, набажэнствы па забітых, са сьпевамі рэволюцыйных гімнаў, ня спыніліся. Агітатары тлумачылі