Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/70

Узнікла праблема ў вычытцы гэтай старонкі

раней граў вялікую ролю ў чырвоным руху, цяпер пачаў адыходзіць ад яго і зьвязвацца з белымі.

У кіраўнікоў руху ня раз падымаліся размовы аб аб‘яднаньні гурткоў каб яны адзіным фронтам маглі выступаць проці згодніцтва белых, тым больш, што хадзілі чуткі аб намеры белых склікаць свой зьезд. Пасьля зносін з Мераслаўскім, які тады жыў у Парыжы, чырвоныя ўхвалілі склікаць свой зьезд. Месцам зьезду прызначаўся Гамбург, які быў вельмі адпаведным пунктам па прычынах консьпірацыі. Там быў курорт, куды зьбіраліся і хворыя, і здаровыя з усяго сьвету, што давала магчымасьць прыехаўшым чырвоным добра схавацца ў гэтай масе народу. Быў запрошаны і Маеўскі, як самы чырвоны сярод белых. Мераслаўскі на зьезд ня прыехаў, а прыслаў замест сябе свайго асабістага сакратара Кужыну. Ня прыехаў і Маеўскі, а замест сябе прыслаў двух сваіх аднадумцаў, якія, як і ён сам, лічыліся самымі левымі сярод белых. Хто прысутнічаў на зьезьдзе, устанавіць трудна. Распачаўся ён у пачатку верасьня 1861 году. Левае крыло белых упачатку гаварыла аб аб‘яднаньні сіл, прычым яны разумелі гэтае аб‘яднаньне пад сваім кіраўніцтвам. У далейшым высьветлілася, што белыя ўсё яшчэ спадзяюцца на легальныя магчымасьці для адбудаваньня Польшчы, што можна абысьціся без паўстаньня, трэба толькі распачаць перагаворы з царскім урадам. Чырвоныя адразу заявілі, што яны на згоду з царызмам ня пойдуць, што толькі ўзброенае паўстаньне можа вызваліць Польшчу. Зразумела, пры такіх умовах аб‘яднаньне чырвоных з белымі адбыцца не магло, і белыя выехалі з Гамбургу. Калі засталіся адны чырвоныя, дык паміж імі пачаліся размовы аб тым, дзе павінен быць організацыйны цэнтар будучага паўстаньня. Прадстаўнікі, якія прыехалі з Польшчы, лічылі, што кіраўніцтва сіламі павінна знаходзіцца на тэрыторыі края. Кужына выказываў процілеглую думку, што кіраваць рухам у Польшы павінны эмігранцкія колы на чале з Л. Мераслаўскім. Па гэтаму пытаньню ішлі доўгія і зацятыя спрэчкі, якія ня далі ніякіх вынікаў. Кожная старана засталася пры сваіх думках. Пабачыўшы, што згоды быць ня можа, дэлегаты разьехаліся і, такім чынам, Гамбурскі зьезд скончыўся нічым. Усё засталося па-старому.

Між тым падзеі ў Польшчы разьвіваліся хуткім тэмпам. Па запрашэньню Велепольскага, у Варшаве сабраўся зьезд каталіцкіх біскупаў, які тым ня менш выступіў з опозыцыяй проці Велепольскага. Зьезд на чале з архібіскупам Фіялкоўскім падаў намесьніку Лямбэрту мэморыял з цэлым шэрагам запатрабаваньняў. Няпрыняцьце мэморыялу Лямбэртам утварыла конфлікт паміж уладаю і вяршынаю краёвай каталіцкай іерархіі. З канца верасьня ішла падрыхтоўка да дэмонстрацыйнага сьвяткаваньня Гародзельскай уніі. Сьвяткаваньне гэтае адбылося у Гародле 10 кастрычніка. Удзельнікі сьвяткаваньня ў асобным падпісаным імі акце заяўлялі, што „ад разьдзелаў краю і да сягоньня пачуцьцё еднасьці і агульнага братэрства злучае нас з усімі нашымі