Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/79

Гэта старонка не была вычытаная

прыяжджае на вакацыі да свайго бацькі, што жыве ў Воўкавыскім павеце Падзёншчыны. У Пецярбургу К. Каліноўскі зьвязаны з расійскімі рэволюцыйнымі гурткамі. На яго, як і на ўсіх рэвалюцыянэраў таго часу, робіць вялікі ўплыў Герцэн сваім часопісам „Колокол”. Зьяўляючыся на Беларусь на даволі даўгія вакацыі, Каліноўскі ня губіць дарма часу. Апрануўшыся ў сялянскую вопратку, добра ўладаючы беларускаю моваю, прыкрыўшыся псэўдонімам Базыля Сьвіткі, Кастусь Каліноўскі вандруе па вёсках Беларусі, агітуючы сярод сялянства і дробнай шляхты. Праца Каліноўскага бязумоўна зьвязана як з Вільняю, так і з Беластокам. Бязумоўна ў К. Каліноўскага магла быць і была сувязь з так званымі „лясьнікамі”, аб якіх мы гаварылі вышэй. Аб гэтым гаворыць увесь напрамак рэволюцыйна-агітацыйнай дзейнасьці Каліноўскага. Апроч таго, трэба вызначаць, што Хрулёў у сваім „Дневнике" зьвязвае лясьнікоў з імем Малахоўскага, які заўжды быў супрацоўнікам і прыятелем Каліноўскага.

Ужо тады кідаецца ў вочы радыкалізм К. Каліноўскага. Цэлы шэраг тагочасных докумэнтаў сьведчыць аб гэтым. Сучасьнікі прыпісваюць яму такія думкі і словы: „Паўстаньне павінна быць па сутнасьці сваёй чыста мужыцкім. Шляхта, паколькі яна з мужыком ня пойдзе, павінна загінуць. Мужыцкая сякера не павінна затрымлівацца нават над калыскаю шляхецкага дзіцяці". Разьвязаньне соцыяльнага „мужыцкага" пытаньня высоўваецца Каліноўскім на першы плян. Побач з мужыцкім соцыяльным пытаньнем Каліноўскі высоўвае і нацыянальнае беларускае пытаньне, бо мужыка-беларуса ён процістаўляе шляхціцу-пану паляку і ўрадоўцу — рускаму. У сваёй агітацыі і пропагандзе сярод сялянства ён карыстаецца „мужыцкай" беларускай мовай.

З чырвоных на Беларусі мы павінны вызначыць яшчэ такіх рэволюцыянэраў, як Малахоўскі, Такаржэвіч і Грынявецкі, погляды якіх былі таксама вельмі радыкальныя. Гаворачы аб радыкалізьме як К. Каліноўскага, так і іншых вышэйпамянёных чырвоных, мы павінны адразу адзначыць, што гэты радыкалізм быў радыкалізмам дробнабуржуазнай розначыннай інтэлігенцыі. „Левыя” лёзунгі не перашкаджалі ёй працаваць і выступаць разам з белымі, аб чым сьведчаць падзеі ў Вільні і іншых гарадох улетку і ўвосень 1861 году. Палавінчатасьць і нерашучасьць чырвоных як у Польшчы, так і на Беларусі ёсьць тыповая зьява як перад паўстаньнем, так і ў часы паўстаньня.

У шчыльнай сувязі з чырвонымі на Беларусі працуе сярод дробнай шляхты, і сялянства ўласнай Літвы (Ковеншчына) ксёндз Антон Мацкевіч. Яго роля ў Літве вельмі вялікая. Гэта даволі выразны чырвоны. На аснове яго ўласных паказаньняў мы даведваемся, што ён апрануў сутану выключна дзеля рэволюцыйных мэтаў, каб мець большы ўплыў на сялянства, якое ў тыя часы верыла аўторытэту ксяндзоў. Магчыма думаць, што такія факты ў часы паўстаньня 1863 году спатыкаліся даволі часта. Недарма ксёндз-профэсар пецярбурскай ката-