Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/85

Гэта старонка не была вычытаная

праз студэнтаў, што на вакацыі выяжджалі з Пецярбургу да сваіх бацькоў. Наогул, у гурткох былі шырокія сувязі і зносіны.

Больш вестак мы маем аб польскім вайсковым гуртку. Сябрамі яго зьяўляюцца Дамброўскі, Серакоўскі, Вараскі і інш. Вайсковы гурток вядзе зносіны з студэнцкім гуртком, адкуль ён бярэ як расійскую, так і польскую рэволюцыйную літаратуру. У першыя гады гурток носіць опозыцыйны культурніцкі характар. Настрой афіцэраў значна падняўся пасьля разгону варшаўскіх дэмонстрацый у першай палавіне 1861 г. Тым ня менш і пасьля гэтага частка членаў гуртка адносіцца даволі скэптыча да магчымасьці паўстаньня ў Польшчы. Як вайсковыя спэцыялісты, яны лічылі немагчымым сур‘ёзнае і пасьпяховае выступленьне паўстанцаў-партызанаў супроць моцнай рэгулярнай расійскай арміі. Калі і гаварылася ў гуртку аб паўстаньні ў Пальшчы, дык большасьць лічыла, што яно можа адбыцца толькі ў параўнаўча далёкай будучыні, калі будзе падрыхтавана глеба да паўстаньня на абшары ўсёй Расіі.

Пакуль гурток гаварыў аб магчымасьці ці немагчымасьці паўстаньня, рэволюцыйны рух у Польшчы і на Беларусі ўзмацняўся і захапляў масы ўсё шырэй і шырэй. У гуртку ўсё больш падымалася цікавасьць да таго, што адбывалася ў Польшчы і Беларусі. На адным з пасяджэньняў у сьнежні 1861 году было ўхвалена паслаць у Варшаву з інформацыйнай мэтай Я. Дамброўскага, выкарыстаўшы для паездкі зімовыя вакацыі. Атрымаўшы рэкомэндацыйныя лісты да варшаўскіх правадыроў руху, Дамброўскі паехаў ў Варшаву. Тое, што ён пабачыў у Варшаве, захапіла яго, і Дамброўскі прыехаў у Пецярбург прыхільнікам неабходнасьці і неадкладнасьці паўстаньня. Жыцьцё гуртка ажывілася. Усе пачалі рыхтавацца да таго ці іншага ўдзелу ў краёвым руху. Што датычыць Я. Дамброўскага, дык ён канчаткова рашыў прыняць удзел у паўстанцкім польскім руху. Вясною ён скончыў ваенную акадэмію, дабіўся назначэньня ў адну з вайсковых часьцей, што была разьмешчана ў Варшаве, і накіраваўся туды. Тут ён прыняў актыўны ўдзел у руху, аб чым мы ўжо гаварылі вышэй. Што датычыць Пецярбускага гуртка, дык ён у далейшы час зьвязаўся мацней з краем, і яго сябры адыгралі потым выдатную ролю ў паўстаньні як у Польшчы, так і на Беларусі.

Аб Беларусі за першую палавіну 1862 году мы маем мала матар'ялаў. І тут з вонкавага боку наступае як-бы поўнае зацішша. Ваеннае палажэньне, абвешчанае на Беларусі, прыпыніла бурныя маніфэстацыі і дэмонстрацыі. Рэволюцыйны рух схаваўся ў глыбіню. Ідзе па спэцыяльнаму загаду адміністрацыі разбраеньне шляхты расійскай поліцыяй і жандармэрыяй. Зразумела, у адказ на гэта зброя хаваецца ў патаемных мясцох.

Белыя на Беларусі зьвязваюцца з Варшаўскай Дырэкцыяй. Галоўнейшымі фігурамі з лягеру белых на Беларусі зьяўляюцца Старжынскі,