Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/86

Гэта старонка не была вычытаная

Гейштор, Аскерка, Грушэўскі і інш. Ролю польскага Андрэя Замойскага на Беларусі прагнецца іграць граф Віктар Старжынскі, горадзенскі губэрскі маршалак шляхты. Гэта быў багаты польскі „лібэральны “ магнат. Яшчэ ў маладыя гады, у часы кіраваньня Мікалая І, ён за нешта быў высланы расійскім урадам на Каўказ у якасьці звычайнага шэраговага жаўнера. Лібэралізм не перашкаджаў Старшынскаму ў яго бытнасьць на Каўказе прымаць актыўны ўдзел у ўзброенай барацьбе з вольнымі горцамі, якія рашуча абараняліся ад захопніцкай політыкі расійскага царызму. Раскаяньне перад царскай уладай і адвага ў змаганьні з горцамі далі Старшынскаму магчымасьць атрымаць у хуткім часе чын афіцэра і крыж „Георгия". Шмат гэтаму садзейнічалі і яго сувязі з арыстократычнымі і бюрократычнымі коламі Пецярбургу. Больш цікаваю фігураю зьяўляецца Якуб Гейштор. Гэта — земляўласьнік з Ковеншчыны, бязумоўна лібэральнага напрамку, не без організатарскіх здольнасьцяй. Сярод белых ён быў бязумоўна адным з самых энэргічных дзеячоў.

Белыя на Беларусі групаваліся наўкола Старшынскага, Францішка Далеўскага і Якуба Гейштора. Яны ў першай палавіне 1862 г. пачалі афармляць сваю організацыю. Для гэтай мэты ў маі 1862 г. ў Вільні адбыўся зьезд земляўласьніцкай шляхты. Легальным повадам для зьезду зьяўляецца абмеркаваньне пытаньня аб заснаваньні на Беларусі крэдытовага таварыства. На зьезьдзе прысутнічаюць прадстаўнікі ад усіх 6 губэрань Беларусі. У Вільні ў гэты час прысутнічае ад Пецярбурскай рэволюцыйнай польскай організацыі Ёзафат Агрызка. Якую ролю ён іграў на зьезьдзе, невядома. Мы ведаем толькі, што другі відны працаўнік польскай пецярбурскай рэволюцыйнай організацыі Серакоўскі ня быў згодзен з белымі. Гейштор у сваіх запісках піша аб гэтым так: „з Зыгмунтам Серакоўскім у гэтыя дні мы шмат дыспутавалі. Ён верыў у спачуваньне нам пэўных партый у Расіі і ў магчымасьць паўстаньня з іх дапамогай. Наогул Серакоўскі, хвалячы нашу чыннасьць, лічыў, што мы ідзем занадта павольна".[1] Гэтая павольнасьць зьяўляецца тыповаю для белых і на Беларусі і ў Польшчы.

Як і ў Польшчы, белыя на Беларусі заняліся „культурніцкаю" працаю сярод сялянства з мэтаю збліжэньня двара з хатаю. Пані, паненкі, паны і панічы і тут рушылі ў вёску з лемантаром, зразумела, польскім. Пры дварох засноўваліся найчасьцей нелегальныя школкі. Гэтыя школкі зусім ня былі зьвязаны з патрэбамі сялянства, нават і культурнымі, бо селянін быў беларус, а школкі былі польскія. Як і ў Польшчы, мы назіраем на Беларусі адмоўныя адносіны сялянства да „культурніцкай" працы паноў. Селянін не давярае пану, баіцца яго і ненавідзіць.

  1. Pamietniki Jakoba Gieysztora z lat 1857—1865. Т. І. Wilno. 1913 г., st. 168. П. t. Г. Н. т. V.