Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/88

Гэта старонка не была вычытаная

крыху крыху гуртуюцца патрэбныя людзі. Ня гледзячы на ваеннае палажэньне і на загад віленскага генэрал-губэрнатара Назімава аб адбіраньні зброі, зброя захоўваецца ў надзейных мясцох. Часам з вялікімі цяжкасьцямі набываецца новая зброя. Адначасна Зьвярждоўскі вызначыў, што пакуль-што сілы для будучага паўстаньня яшчэ вельмі слабыя і нязначныя, а зброі вельмі мала. Праўда, ужо завязваюцца сувязі з опозыцыйна настроенымі афіцэрамі тых расійскіх вайсковых часьцей, што кватаруюць у Вільні і іншых пунктах губэрні, але і тут яшчэ няма значных вынікаў. Адным словам, на аснове слоў Зьвярждоўскага, магчыма меркаваць аб вельмі слабой актыўнасьці чырвоных у Вільні. Аб белых і гаварыць ня прыходзіцца.

З Вільні Вараскі накіраваўся ў Горадню. Тут таксама ўжо існавала організацыя, якая думала аб паўстаньні. Справы ў Горадні ішлі слаба. Вараскі меў размову з членамі падпольнай організацыі — Заблоцкім і Цэханоўскім. Яны ў размове вызначылі, што організацыя ўзрастае, але пакуль-што вельмі павольна.

Значна лепш вялася падрыхтоўка да паўстаньня ў Белавежаскай пушчы, куды Вараскі заехаў па даручэньню Зьвярждоўскага і Цэханоўскага. У пушчы энэргічна працаваў, як агітатар і організатар, крайні чырвоны Валеры Урублеўскі, аб якім мы ўжо гаварылі вышэй. Ён займаў нейкую даволі відную пасаду ў кіраўніцтве Белавежаскай пушчы. Пасада давала яму шырокую магчымасьць весьці сталыя і бесьперашкодныя зносіны з абочынамі, лясьнікамі, егерамі пушчы, а таксама і з сялянамі, якія жылі як на тэрыторыі пушчы, так і навокал яе. Вельмі хутка В. Урублеўскаму ўдалося шмат каго ўцягнуць у падпольную організацыю, у тым ліку і сялян. Лясныя гушчары моцна трымалі патаемнасьць організацыі і давалі магчымасьць хаваць запасы зброі. Сялянства тут даволі ахвотна прымала ўдзел у руху, дзякуючы яўна выразнай чырвонай соцыяльнай програме В. Урублеўскага.

Ня спынялася праца і ў Беластоку, што была там распачата Браніславам Шварцэ. У размове з Вараскім Шварцэ зазначыў, што ня толькі ў самым горадзе, але і ў яго ваколіцах організацыя разраслася даволі шырока. Падпольная друкарня ў Беластоку ўжо распачала друкаваць агітацыйную літаратуру на беларускай мове. Ужо зьявілася і пашыралася па Беларусі „Гутарка двух суседаў". У сярэдзіне 1862 г. ўжо вышаў з друку і пашыраўся па заходняй Беларусі першы нумар проклямацыі — часопісу „Мужыцкая Праўда", які звычайна прыпісваецца К. Каліноўскаму. Перад намі офіцыйная папера міністэрства Унутраных Спраў ад 23 жніўня 1862 году, з якой мы даведваемся, што першы нумар „Мужыцкай Праўды" быў знойдзены сялянамі вёсак Бярозаўкі, Ясенаўкі, Падбуржаў і Радовіч Берасьцейскага павету ў часе жніва на палёх. Колькі экзэмпляраў было знойдзена, мы ня ведаем. Магчыма думаць, што экзэмпляраў было ня мала, калі яны