Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/92

Гэта старонка не была вычытаная

сваю старую назву, ён будзе цяпер выступаць проці захопніцкага расійскага ўраду, як запраўдны правадыр ўсяго польскага народу, як запраўдны польскі народны жонд (урад). Ніякія пагрозы і праклейваньні з боку расійскага ўраду, яго адміністрацыі і поліцыі не запалохаюць і ня зьнішчаць яго. Ніхто і нішто ня можа спыніць яго дзейнасьці, як законнага польскага народнага ўраду.

Рэалізаваць такое ўрачыстае апавяшчэньне магчыма было, апроч іншых умоў, пры наяўнасьці ў касе Камітэту-жонду неабходных сродкаў, пры наяўнасьці сталай фінансавай, экономічнай базы. А з гэтага боку як раз справы стаялі вельмі дрэнна. Трэба было зрабіць нейкі рашучы крок у гэтым напрамку. У сувязі з неабходнасьцю здабыць патрэбныя сродкі І8-га кастрычніка 1862 г. Цэнтральны Камітэт выдаў вельмі важны дэкрэт аб аблажэньні ўсяго народу падаткам на паўстанскія мэты. Раней дэкрэт быў надрукаваны ў нумары 7-м падпольнага офіцыйнага органу Камітэту „Ruch“, а потым быў выпушчаны асобнымі адбіткамі. Вельмі хутка дэкрэт аб падатку з народу быў перадрукаваны і пашыраны для Беларусі і Літвы Віленскім Камітэтам, які зрабіўся Цэнтральным Камітэтам чырвоных на Беларусі і ў Літве.

Зьмест дэкрэту наступны. Польскі народны жонд, прыняўшы пад увагу, што толькі аб‘яднаньне ўсіх сіл народу і яго самаафярнасьць могуць моцна процістаць захопнікам, ухваляе: 1) Кожны грамадзянін павінен акуратна плаціць для вызваленьня бацькаўшчыны народны падатак. 2) Ад нярухомай маёмасьці і гіпотэчных сум трэба плаціць 50%. 3) У каго няма нярухомых капіталаў, той павінен заплаціць падатак з свайго гадавога даходу 5%. 4) Пры вылічэньні гадавога даходу за норму прымаецца гадавая аплата працы каморніка, якая ў Варшаве павінна лічыцца ў адну трэцюю, а ў провінцыяльных гарадох за адну пятую гадавога даходу. 5) Калі хто мае нярухомую маёмасьць і побач з ёю мае іншыя крыніцы даходу, дык ён павінен плаціць падатак за тое і другое. 6) Падатак зьбіраюць урадоўцы Цэнтральнага Камітэту, спэцыяльна вызначаныя для гэтай мэты і маючыя пры сабе для гэтага асобныя квітанцыі. 7) Тэрмінам для ўнясеньня народнага падатку вызначаецца 10-ы дзень лістапада.

Як мы бачым, дэкрэт дэтальна распрацаваны і дае магчымасьць урадоўцам кіравацца ім, як нормай. Выданьне яго было пачаткам экономічнага ўзмацненьня Камітэту. Хто пад пагрозаю, хто дабрахотна, уносяць грошы ў скарб патаемнага народнага жонду. Сродкі яго што-дзень растуць, дзякуючы чаму пашыраецца і праца.

Цяпер Камітэт-жонд мае пад сабою экономічную базу. Рамесьнікі, рабочыя і дробная буржуазія гораду падтрымліваюць яго з самага пачатку. Да сялян ён выдаў вышэйпамянёную адозву, якая ў той ці іншай меры будзе рабіць уплыў на сялянства. Пашло за Камітэтам і ніжэйшае каталіцкае духавенства. Цяпер яму трэба было даць сваю програму па нацыянальнаму пытаньню, каб увязацца з народамі