Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/98

Гэта старонка не была вычытаная

Зразумела, галоўную частку справы па падрыхтоўцы адрасу павінен быў узяць на сябе Старжынскі. Ён і сапраўды выяўляе вялікую актыўнасьць. Ён часта вандруе то ў Пецярбург, то ў Парыж, то ў Варшаву, Вільню, Горадню і г. д., і старанна падрыхтоўвае справу. Пастаноўлена было спыніцца на менскім шляхецкім губэрскім выбарчым зьезьдзе, каб выкарыстаць яго для падачы царскаму ўраду політычнага адрасу. Каб схіліць да проекту нават і неадважных земляўласьнікаў, організатарамі заўжды падкрэсьлівалася, што польская шляхта мае законнае права, як і наогул расійскае дваранства (ІХ том своду законаў, разьдзел 108), падаваць на імя цара і ўраду адрасы з выяўленьнем сваіх патрэб і пажаданьняў.

Зьезд шляхты ў Менску сабраўся ў канцы лістапада 1862 году. Прадстаўнікі царскага ўраду вельмі хутка даведаліся аб намеры шляхты Менскай губэрні выкарыстаць зьезд для падачы політычнага адрасу. На гэты час хацеў прыехаць у Менск віленскі генэрал-губэрнатар, каб самому прысутнічаць на зьезьдзе і ня даць магчымасьці шляхце скласьці намечаны адрас. Ня маючы магчымасьці выехаць з Вільні ў Менск, ён паслаў менскаму губэрнатару спэцыяльны адносна па гэтаму пытаньню. Менскі губэрнатар Кажэўнікаў занепакоіўся. Ён яшчэ загадзя напісаў губэрскаму маршалку менскай шляхты Лапу ліст, у якім папярэдзіў, што падачу адрасу аб далучэньні беларускіх губэрань да Польшчы расійскі ўрад будзе лічыць актам ня толькі непажаданым, але і недапушчальным, незаконным. З гэтым лістом губэрнатара маршалак Лапа азнаёміў шляхту, што сабралася на зьезд. Ня гледзячы на катэгорычнае папярэджаньне, на зьезьдзе знайшлося шмат ахвотнікаў, якія патрабавалі, каб адрас ўсё-ж такі быў складзены. Найбольш агітавалі за падачу адрасу земляўласьнікі — два браты Еленскія, двое Аскеркаў і Корбут. Яны мотывавалі неабходнасьць падачы адрасу тым, што гэтага вымагаюць неадкладныя інтарэсы краю. Тым больш, што іншыя паўночна-заходнія губэрні імпэрыі пададуць політычныя адрасы, а гэта зробіць вялікі сорам для шляхты Менскай губэрні, калі яна не падасьць адрасу.

Шуму нарабілася шмат. Але калі пачалі справу формуляваць і галасаваць, то гэты шум скончыўся вельмі ціха. Значнаю большасьцю галасоў (255 проці 4) была прынята сумбурная, палавінчатая формулёўка такога зьместу. Шляхта Менскай губэрні сабралася на зьезд, маючы на мэце ўскласьці да трону яго імпэратарскай вялікасьці політычны адрас аб правох паўночна-заходніх губэрань і аб далучэньні іх да Царства Польскага, але, дзякуючы папярэдняй забароне гэтага губэрнатарам, яна адрасу не змагла падаць. Такім спосабам, з гары радзілася мыш. Ня гледзячы на гэта, расійскі ўрад быў вельмі абураны нават і такою формулёўкаю. Мураўёў-вешальнік апісвае[1] гэты

  1. Pamietniki M.M. Murawiewa “Wieszatiela” 1863-1865, tlomaczone z oryginalu rosyjskiego przez I.Cz. z przedmowa St. Tarnowskiego. Wyd. III W Krakowie. 1902, ст. 60