Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/99

Гэта старонка не была вычытаная

факт з вялікім абурэньнем. „Трэба вызначыць, што менскае шляхецтва адзначалася яшчэ большаю нянавісьцю да расійскага ўраду, чым у іншых губэрнях. Яно заўжды было ў зносінах з шляхецтвам паўднёва-заходніх губэрань. У кастрычніку (у Мураўёва памылка. У. І.) 1862 году на шляхецкіх выбарах яно склала протокол аб жаданьні падаць цару адрас па прыкладу Падольскай губэрні з просьбаю аб прылучэньні губэрні да Польскага каралеўства. Нахальства іх было такое вялікае, што калі ім вызначана было загадам ад улады, што такі ўчынак процізаконны, яны не скасавалі сваёй пастановы, але запісалі яе ў протокол, зазначаючы, што не давялі яе да канца толькі дзеля забароны гэтага з боку вышэйшай улады".

Такім спосабам, расійскі ўрад нават такую слабую опозыцыю лічыў цэлай рэволюцыяй. Зусім іначай аднесьліся да гэтага факту дробнабуржуазныя і дробнашляхецкія колы Беларусі. Праўда, праз некалькі дзён проект адрасу быў надрукаваны і пашыраны па гарадох Беларусі, але гэта мала дапамагала справе. Чырвоныя былі абураны палавінчатаю, скурніцкаю політыкаю белых. Вельмі хутка ў Менску зьявіліся прылепленыя на рагох вуліц вершаваныя сатыры-эпіграмы на мясцовых магнатаў-земляўласьнікаў, аб якіх гаварылася, што яны маюць шмат усяго, апроч адвагі і патрыятызму. У некаторых павятовых гарадох, напрыклад, у Слуцку і Бабруйску, перад будынкамі павятовых шляхецкіх маршалкаў вучнёўскаю моладзьдзю і мяшчанамі былі організаваны „каціныя концэрты". Часамі справа ішла далей концэртаў і канчалася тым, што концэртанты каменьнямі выбівалі вокны ў памяшканьнях удзельнікаў менскага зьезду.

Цікава тое, што мясцовая поліцыя і жандармэрыя, даносячы аб каціных концэртах і разьбіцьці шыб у памяшканьнях маршалкаў шляхты і наогул удзельнікаў зьезду, пісала ў Пецярбург свайму начальству так: гэта самі шляхецкія маршалкі організавалі для сябе концэрты і пабіцьце вокан у сваіх кватэрах. Яны зрабілі ўсё гэта наўмысьля для таго, каб потым мець магчымасьць адмовіцца ад рэволюцыйнасьці і патрыятызму, каб мець магчымасьць апраўдвацца перад прадстаўнікамі расійскай улады, што яны цярпелі ад рэволюцыянэраў за тое, што былі праціўнікамі падачы опозыцыйнага адрасу. Такім чынам, белыя сваёю палавінчатаю, нерашучаю політыкаю аскандаліліся на два бакі: царскі ўрад усё роўна іх лічыў опозыцыянэрамі, нават „рэволюцыянэрамі", а чырвоныя лічылі іх толькі звычайнымі скурнікамі і згоднікамі ў адносінах да царскага ўраду.

Хутка белыя на Беларусі атрымалі весткі аб тым, што Дырэкцыя склікае нелегальны зьезд у Варшаве ў канцы сьнежня. Белыя на Беларусі лічылі гэты зьезд вельмі неабходным і важным для справы. Зразумела, яны лічылі надта патрэбным паслаць на зьезд у Варшаву прадстаўнікоў ад свайго Камітэту. У якасьці прадстаўнікоў Беларусі былі абраны Старжынскі, Плятэр і Гейштор, якія і паехалі