Старонка:Антыгона (Сафокл) пер. з старагрэч. мовы Ю.М. Дрэйзіна.pdf/77

(Пасля перасылкі з Старонка:5 Safocl.pdf/77)
Гэта старонка была вычытаная
— 73 —

Крэонт

Пацяшаць я ня буду цябе, што зьмяню
Над табою прысуд свой ранейшы.

Антыгона

О зямелька Тэбанская, горад бацькоў!
О багі мае родныя!
Паміраю. За што? Бяз віны.
Паглядзеце, тэбанскія ўсе ўладары,
Я, апошняя з царскай сям‘і,
Ад каго і як цяжка цярплю.
І за што? Што любіла багоў
І законы багоў шанавала.

СТАСЫМ 4-ы

XОР

Строфа 1-я

Зьмяніла й Даная[1] сьвятло нябёс
На цемру медзянае вежы.
Замкнулі, схавалі яе
Ў магільным пакоі.
Яна-ж была слаўнага роду, дзіця,
І мела сыночка ад Зэўса,
Які да яе прыходзіў дажджом залатым.
Але страшэнную нейкую сілу
Лёс мае над намі.
Вызваліць нас ад яго ня можа нішто,
Ні меч, ні багацьце, ні вежа,
Ні чорны між хваль карабель.

  1. Даная—дачка аргоскага цара Акрысія. Яму было прадказана, што ў Данаі народзіцца сын, які заб‘е яго, Акрысія. Акрысій замкнуў Данаю ў медную вежу, але Зэўс увашоў у вежу пад відам залатога дажджу, і ад яго Даная нарадзіла сына Пэрсэя. Акрысій загадаў замкнуць маці з сынам у скрыню і кінуць у мора, але яны выплылі, і прароцтва ў канцы канцоў споўнілася.