Старонка:Beznazounae.pdf/11

Старонка праверана

З НОВЫМ ГОДАМ!

З Новым Годам, з Новым Годам!
З новай песьняй, з новай казкай!
Зачаруем мімаходам
Долі ходы думкай-краскай!

Кінем покліч гулка-звонны
Ад ваконца да ваконца,
Сьвет паклічам мёртва-сонны
Аж да сонца, аж да сонца!

Для унукаў, для праўнукаў
Расьцярэбім сьцежкі-шляхі;
Хай пануюць над прынукай —
Каб аж к небу лёту ўзмахі!..

Над зямлёй зардзіць ясёлка
Посьле бураў, ліхалецьцяў;
Бацьку, маці жыць нялёгка,—
Хай-жа лёгка жывуць дзеці!

З Новым Годам, што крыніцай
Новай пойдзе ў пераходзе,
Беларуская зямліца!
Беларускі наш народзе!