Старонка:Geografija Eŭropy. Pradmova Ahlad.pdf/24

Старонка праверана

——— 25 ———

або фінскую, 2) алтайскую або татарскую і 3) мангольскую. (Пералічы паводле карты народы Эўропы, якія належаць да кожнай групы жоўтай расы; адзнач, дзе жыве кожны з іх).[1]

Усяго ў Эўропе жыве болей за 450 мільёнаў людзей, а прасторы Эўропа мае каля 10 мільёнаў квадратных кілёмэтраў[2] (=8.700 тысяч квадр. вёрст, або каля 1 мільярду дзесяцін). Такім чынам на кожны кв. клм. прыпадае 45 чалавек — значна болей, чымся ў іншых частках сьвету (у Азіі 21, у Афрыцы толькі 4). Зразумела, што ў розных частках Эўропы гушчыня залюдненьня розная ў залежнасьці ад клімату, паверхні й грунтоў. Там, дзе клімат халаднейшы або занадта сухі і дзе грунты горшыя, там гушчыня меншая, бо тамака кожны квадратны кілёмэтр можа пражывіць меней людзей.

У тундры гушчыня залюдненьня асабліва малая, бо земляробства тамака немагчыма, а каб пражывіцца гадоўляй паўночных аленяў, трэба мець вялікія прасторы, парослыя лішаямі ці мохам і патрэбныя на пашу аленям. На Кольскім паўвостраве на 1 душу насяленьня прыпадае па 7 і болей кв. клм., або прыблізна па 700 дзесяцін. Толькі каля рэк і морскіх узьбярэжжаў, дзе страву чалавеку дае рыба, гушчыня залюдненьня крыху большая. Невялікай гушчынёй залюдненьня адзначаецца й тайга, асабліва тыя яе часткі, дзе ральніцтву перашкаджае недахват цяплыні і дзе галоўным заняткам чалавека зьяўляецца паляўніцтва. Палюючы зьвера, чалавек мусіць абыходзіць там вялікія прасторы лясоў. Перавялічэньне ліку паляўнічых выклікае недахват дзічыны й пагражае голадам і сьмерцю надмеру насельнасьці. У Зыранскай тайзе з гэтай прычыны на кожнага ядуна прыпадае каля 100 дзесяцін. У тых частках тайгі, дзе земляробства пераважвае над паляўніцтвам, людзі жывуць значна шчыльней, але й там зямля родзіць кепска, грунты благія й на ядуна мусіць прыпадаць ня меней за 10 дзесяцін усяе зямлі. У пасе мяшаных лясоў клімат болей спрыяе гаспадарцы, і зямля можа пражывіць гусьцейшае насяленьне. Тутака, напрыклад, на Літве або на Беларусі на кожным квадратным кілёмэтры зьмяшчаецца 30-36 чалавек, і, значыць, на кожнага ядуна прыпадае 3-3,5 дзесяціны (разам — ральлі, сенажацяў, лясоў і няўжыткаў). У чорназемных старонках, дзе зямля дае вельмі багатыя ўраджаі і дзе няўжыткаў мала, на-
  1. Сучасныя эўропэйскія народы ўтварыліся з тубыльцаў нашае часткі сьвету і перасяленцаў з суседніх частак сьвету, дзякуючы ўзаемным уплывам суседніх народаў аднаго на другі й запазычаньню аднымі народамі мовы й культуры другіх. Такім чынам романскія, напрыклад, народы стварыліся з ібэраў, кельтаў, лігураў, рэтаў, этрускаў і іншых даўных народаў Паўднёва-Заходняй Эўропы, якія зьмяшаліся з гэрманцамі-перасяленцамі й пазычылі мову й культуру італікаў-латыньцаў. Таксама сучасныя гэрманцы ўвабралі ў сябе шмат кельцкай (ангельцы й немцы), славянскай (немцы) і фінскай (скандынавы) крыві. Усходнія славяне, асабліва маскоўцы, зьяўляюцца мешанінай славян, фінаў, татар і г. д. Сэрбы мяшаліся з альбанцамі, чэхі з немцамі й кельтамі. Сучасныя грэкі ўвабралі ў сябе многа крыві альбанскай (даўна-ілірыйскай), славянскай і можа яшчэ турэцкай. Таксама вугорцы мяшаліся з славянамі й румынамі (даўнымі дакійцамі) і г. д.
  2. Кілёмэтр = 0,91 вярсты.