Старонка:Geografija Eŭropy. Pradmova Ahlad.pdf/34

Старонка праверана

——— 35 ———

Фактычна ўсім політычным жыцьцём Эўропы кіруюць толькі вялікія дзяржавы. Ад іх пастаноў залежыць лёс дробных дзяржаў; яны вырашаюць агульна-эўропэйскія пытаньні, склікаюць конфэрэнцыі эўропэйскіх дзяржаў і г. д. Кожная з вялікіх дзяржаў імкнецца граць першую ролю ў Эўропе і зьменшыць значэньне дзяржаў іншых. У зьвязку з гэтым вялікія дзяржавы ўвесь час упарта змагаюцца паміж сабой за панаваньне. Перад вайной 6 эўропэйскіх вялікіх дзяржаў падзяліліся на дзьве варожыя групы: Патройны Саюз, у склад якога ўваходзілі Нямеччына, Аўстра-Вугоршчына і Італія, і Патройная Згода (Вялікабрытанія, Францыя і Расія). Гэтыя групы пільна сачылі за так званай эўропэйскай роўнавагай. Кожная група хацела быць прынамсі такой-жа моцнай, як другая. Абодва бакі ўвесь час узбройваліся і трацілі надмерна вялікія сумы грошай на ўтрыманьне і ўзбраеньне войска. Усе сілы народаў траціліся на такое «падтрыманьне ўзброенага міру». Вайна 1914-18 г. была неабходным натуральным выйсьцем з гэтага напружанага становішча. Перш за ўсё ў час вайны выявілася, што офіцыйныя саюзы вялікіх дзяржаў існуюць толькі на паперы. Італія не падтрымала сваіх саюзьнікаў і нават далучылася да іх ворагаў. Утварылася згода чатырох вялікіх дзяржаў Эўропы (Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі) або так званая Антанта, да якой далучыліся і заэўропэйскія вялікія дзяржавы: Японія і Злучаныя Штаты Паўночнай Амэрыкі. Вынікам вайны былі: вялікая расійская рэволюцыя, выхад Расіі з складу Антанты, рэволюцыі ў дзяржавах Сярэдняй Эўропы, распад Аўстра-Вугоршчыны і перамога Антанты над Нямеччынай. На Нямеччыну налажылі так званыя рэпарацыі, або, прасьцей кажучы, прымусілі яе заплаціць Антанце такія сумы грошай, на выплату якіх мусяць пайсьці амаль-што ўсе даходы Нямеччыны аж да 1963 году. Войска Антанты заняло найважнейшыя прамысловыя куткі Заходняй Нямеччыны; Антанта заўладала амаль усім нямецкім гандлёвым флётам, надзвычайна вялікай колькасьцю нямецкіх паравозаў і вагонаў, а таксама розных продуктаў нямецкай прамысловасьці. Нямецкае войска абмяжована да сьмешнага малым лікам людзей і зброі. Наагул Нямеччына пастаўлена ў такія варункі, пры якіх яна ня можа граць значнай ролі ў эўропэйскай політыцы.

Такім чынам у Заходняй Эўропе засталіся толькі тры такія вялікія дзяржавы, якія могуць кіраваць эўропэйскай політыкай. З іх Італія адзначаецца слабым разьвіцьцём сваёй прамысловасьці і свайго гандлю, а значыць і ўдзел яе ў гаспадарчым жыцьці Эўропы многа меншы, чым удзел Вялікабрытаніі і Францыі. У зьвязку з гэтым ува ўсіх заходня-эўропэйскіх дзяржавах гаспадараць пасвойму дзьве апошнія. Процівагу ім складае СССР, тэрыторыя якой зьяўляецца адзінай часткай Эўропы, у поўнай меры незалежнай ад Вялікабрытаніі і Францыі.

(Ніжэй далучана табліца прасторы і люднасьці эўропэйскіх дзяржаў. Паводле яе складзі дыаграму. Вылічы гушчыню залюдненьня ў кожнай дзяржаве і складзі дыаграму гушчыні залюдненьня эўропэйскіх дзяржаў).