Старонка:Geografija Eŭropy. Pradmova Ahlad.pdf/5

Старонка праверана

——— 6 ———

Дужа выгодным зьяўляецца й палажэньне Эўропы ля берагоў Атлянтычнага акіяну. Гэты акіян лягчэй мог набыць значэньне галоўнай гандлёвай дарогі сьвету, чымся Вялікі або Індыйскі. Абодва галоўныя контынэнты (Эўропа, Азія й Афрыка з аднаго боку й Амэрыка з другога), што ляжаць між Атлянтычным і Вялікім акіянамі, аддзяляюцца ад апошняга магутнымі недаступнымі горнымі ланцугамі і павернуты ў бок першага шырокімі раўніннымі прасторамі. Большасьць насельнікаў абодвух галоўных контынэнтаў лягчэй можа дабрацца да Атлянтыкі, чымся да берагоў Вялікага акіяну. Яшчэ важней тое, што Атлянтычны акіян уразаецца ў Эўропу тысячамі мораў, затокаў і буктаў. Няма другой такой часткі сьвету, у якой морскія затокі гэтак пашматалі, пакраілі-б берагі сухазем’я, як у Эўропе. Унутраныя моры й затокі заходзяць у самую сярэдзіну нашае часткі сьвету, так што няма ў ёй такога куточка, насельнікі якога так ці гэтак не залежалі-б ад мора.

Насельнікі ўзьбярэжжаў (а да іх у Эўропе належыць многа мільёнаў людзей, бо берагі вельмі даўгія) з даўных часоў прызвычаіліся плаваць на сваіх лодках, а потым і на караблёх, спачатку каля берагоў контынэнту, а пасьля ад гэтых берагоў да суседніх астравоў і нават далей. Такім чынам у Эўропе стварылася цэлая грамада людзей, прызвычаеных да мораходзтва й морскага гандлю, а самая Эўропа лягчэй магла скарыстаць выгады свайго палажэньня й захапіць панаваньне над сусьветным гандлем.

(Паводле карты пераглядзі і вывучы назовы галоўных мораў, заток, праток, астравоў і паўвастравоў Эўропы).

Эўропа ўваходзіць у склад самага вялікага Старога, або Ўсходняга контынэнту (які абымае, апроч таго, Азію й Афрыку), а асобнай часткай сьвету лічыцца толькі з прычыны сваёй вялікай вагі ў гісторыі чалавека. Фактычна, гэта вялікі паўвостраў Азіі, аддзелены ад яе горнымі ланцугамі Ўралу й Каўказу. Самы Ўрал звычайна далучаюць да Эўропы, а Каўказ, цесна злучаны з заходня-азійскімі горнымі старонамі, часьцей лічаць за частку Азіі. Аднак гэтыя межы між Эўропай і Азіяй умоўныя, і абедзьве гэтыя часткі сьвету злучаюцца пераходнымі абшарамі, пераходзяць адна ў другую няпрыметна, паволі[1].

Паверхня Эўропы. Красаваньню нашае часткі сьвету дапамагала й будова яе паверхні. Нізіны (наогул кажучы, выгаднейшыя для гаспадаркі, чымся ўзвышшы) складаюць у Эўропе ⅔ усёй паверхні, значна болей, як у іншых частках сьвету. Аднак ёсьць тут ня мала й горных ланцугоў, якія ў розных кірунках пераразаюць Эўропу й дзеляць яе на многа асобных краін.

  1. Даўнейшыя географы пад Эўропай разумелі толькі заходнюю яе частку, але з таго часу, як Усходняя Эўропа пакрысе ўвайшла ў круг культурных эўропэйскіх старон, межы Эўропы адсунуліся на ўсход аж да ўсходніх схілаў Уралу. Некаторыя з сучасных вучоных падкрэсьліваюць, што й па той бок Уралу, у Заходнім Сібіры, пераважваюць адны й тыя самыя географічныя варункі, што і ўва Ўсходняй Эўропе. Па іх поглядах запраўдная Азія пачынаецца толькі за ракой Янісеем.