Старонка:Harun.Datrymau charaktar.djvu/5

Старонка праверана

тым усё іначай. Кміціца я так доўга мучыць не буду. Данусі не дам памерці, як гэта зрабіў Сянкевіч, але выдам яе за Збышку, а на Ягенцы сам ажанюся…

Зюк. Глупотка. Гэтай жа Ягны няма, і не было яе ніколі.

Вінцусь. Няўжо і не было? А ці ты думаеш, што гэта цяжка пісаць?

Зюк. Бадай што, і не цяжка. Іншыя пісьменнікі, глядзі, як памногу пішуць. Мусіць, каб было цяжка, то не здужылі б. Дый Сянкевіч, ён, кажуць, у школе найгоршыя знакі атрымоўваў.

Вінцусь (радасна). Акурат як я! І мне здаецца, што гэта не цяжка: трэба толькі паперы, пер’яў і атраманту[1]… нават і выдаткі не вялікія.

Зюк. А мыслі?

Вінцусь. Што там мыслі… Мыслі прыходзяць самі…

Зюк (пераконаны). Праўда. Ну, дык едзьма! (Устае з крэсла.)

Вінцусь (Як бы просячы). Але ведаеш што, Зюк… Хто ведае… Можа, твой міністр і не атрымліваў самых кепскіх знакаў… (Зюк сядае.) Можа б, мы павучыліся, бо калі так далей пойдзе, як за гэтыя тры дні… Ты ведаеш жа, што цётка дакляравала[2] нас адсюль не выпусціць, аж пакуль мы не скончым свае заданні — давай павучымся і скончым!

Зюк. Не. Я мушу ўсё падужаць і ўсё вытрымаць. А, апрача таго, цётка павінна была параіцца са мной перад тым, як мяне сюды садзіць… Не — я страшэнна сярдзіты!

Вінцусь (падсоўваецца з крэслам да Зюка). А калі не зробім заданняў? Дык будзем жа гэта сядзець аж давеку?

Зюк. Ты заўсёды аб адным. Тым для цябе горш.

  1. Атрамант — чарніла.
  2. Дакляраваць — абяцаць, паведамляць.