Старонка:Stankevich 1935.pdf/12

Узнікла праблема ў вычытцы гэтай старонкі

ў Залесьсі ("Лучынка", кн. 6, 1913 г.). Вось-жа тут праводзіў сваю моладасьць і малады Браніслаў. Паходзіў з дробнай каталіцкай беларускай шляхты, якая хоць пры помачы польскага касьцёла была сыстэматычна і безаглядна польшчана, усёждыкі аканчальна ня спольшчылася і агулам захавала сваю родную беларускую мову, а так-жа й лепшыя традыцыі беларускай мінуўшчыны. Вось у такой сямейнай атмасфэры і сярод толькі-што прабіраючагася з паншчыны на волю беларускага сялянства рос і гадаваўся малады Шыпіла. Гімназію мусіў скончыць або ў Рызе, дзе яе канчаў яго брат Уладыслаў ("Лучынка", там-жа), або ў недалёкім Віцебску. Вышэйшыя навукі прайшоў у Пецярбурзе, дзе скончыў гістарычна-філёлёгічны Інстытут, на аддзеле клясыкі. Быў выдатным моваведам, знаў больш 20-х моваў, між якімі прадусім стара-грэцкую, лацінскую, індускі санскрыт і цэлы рад моваў розных народаў сучасных. Беларускай нацыянальнай сьведамасьці Шыпілы, як ужо сказана, спрыяў беларускі асяродак, у якім ён гадаваўся, а перадусім гэтай справе спрыялі мовазнаўчыя студыі. Дзякуючы гэтаму, ужо за сваіх часоў студэнскіх цікавіўся ён праблемай беларускай нацыянальнасьці, мовы, гісторыі і быў фактычна сьведамым Беларусам. Няменш урэшце дадатна дзеіў на фармаваньне ў Шыпілы беларускага нацыянальнага сьветапагляду і той час, у якім ён адбываў свае навуковыя студыі. Не забываймася, што былі гэта 70-80-ыя гады мінулага стагодзьдзя, гады пачаткаў адраджэньня народу украінскага, літоўскага, латыскага і інш. народаў-нявольнікаў царскай Расеі, - гады вызвольнай працы палякоў