Старонка:Stankevich 1935.pdf/9

Узнікла праблема ў вычытцы гэтай старонкі
I. Уступныя ўвагі.

Сапраўды ў дзіўных жывём часох - аб сьмерці найлепшых сыноў Беларусі, памёршых на ня так ужо й далёкай чужыне, даведваемся толькі за якога паўгоду. Вось толькі некалькі месяцаў таму дайшла ў Вільню сумная вестка з над берагоў Нявы аб сьмерці ў хмарным Ленінградзе вялікага і заслужанага Беларуса, высокадастойнага чалавека, прафэсара Браніслава Эпімах-Шыпілы. На жаль, аб Шыпіле ня маю столькі вестак, сколькі мець іх трэба для адмаляваньня поўнага абраза ягонай асобы. Сабраць належныя аб ім весткі можна было-б прадусім там, дзе ён жыў і працаваў: у Ленінградзе і ў Савецкай Беларусі. Тымчасам на перашкодзе гэтаму стаіць ня толькі граніца палітычная, якая дзеліць Беларусь, але тамк-жа і граніца ідэёвая, якая дзеліць беларускія душы. Але справа і з гэтым не безнадзейная - час сваё зробіць і ўсё направіць, будучыня згладзіць, зраўняе няроўнасьці, направіць памылкі і недахопы мінуўшчыны. Цяпер-жа я зрабіў тое, што змог; дзялюся з грамадзянствам тымі весткамі аб Шыпіле, якія захаваліся ў маей памяці з часоў асабістага майго з ім спатыканьня і знаёмства, а так-жа тымі весткамі, якія мне ўдалося сабраць з літаратуры і ад ягоных знаёмых.