Тлумачальная запіска (Каліноўскі)

Тлумачальная запіска
Дакумант
Аўтар: Кастусь Каліноўскі
28 лютага 1864 года (пераклад 2022)
Арыгінальная назва: Объяснение Вик.[ентия] Конст.[антина] Калиновского
Пераклад: Nejrust
Крыніца: [1]

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У адным з папярэдніх тлумачэнняў я выказаў сваё перакананне наконт вырашэння польскага пытання, якое ўсведамляў раней чым патрапіць у склад народнай арганізацыі ў якасці Вайсковага Камісара Гродзенскай Губерні. Гэта маё асабістае меркаванне. Цяперашнія сумныя вынікі, да якіх даведзены край з аднаго боку, а з іншага вымушанае становішча Урада, не адпаведнае сапраўднаму ягонаму характару, больш чым калі выразна даказваюць патрэбу спыніць разлад і, прыведзячы край у нармальны стан, вырашыць абцяжарваючае пытанне польскае. Усведамленне, што ў гэтых адносінах Урад Расейскі больш задавальняюча і з большай карысцю для абодвух народаў у стане зрабіць, чым хто-кольвек, змусіла мяне акрэсліць характар руху ў Літве.

Пазбаўлены ўсякага ўдзелу ў справе паўстання, сведчанні мае ў гэтых адносінах не могуць быць дакладнымі. Аднак наколькі маглі быць вядомымі як чалавеку недатычнаму, але зацікаўленаму жыццёвымі з’явамі ў краі, я са свайго боку павінен сказаць тое, што мне вядома ў гэтых адносінах.

Хваляванні ў Царстве, якія праяўляліся ў розных дэманстрацыях, не маглі не мець уплыву на Літву. Але калі ў Царстве падобныя з’явы прывялі да ўтварэння Цэнтральнага Камітэта, які стаў на чале народнай арганізацыі, у Літве ўсё гэта разыгралася без ніякіх вынікаў. Урад, звяртаючы ўвагу толькі на дэманстрацыйныя выхадкі ў тутэйшым краі, надавала ім сур’ёзны характар. Калі розныя тэорыі, пазбаўленыя практычнасці, не бачачы дзённага святла, маглі мець уплыў на запальчывы і ўцягвальны характар жыхароў Царства Польскага, то ў больш сур’ёзнай Літве і пры сваёй таямнічасці, галоўным сваім рухавіку, яны мусілі прайсці без уплыву. З’езды памешчыкаў літоўскіх, у якіх аднак гродзенскія, як мне вядома, амаль не ўдзельнічалі, мелі толькі на ўвазе матэрыяльнае і маральнае паляпшэнне краю пры цяперашнім палітычным ладзе яго. Заявы мінскія, хаця вельмі нявінныя, былі аднак асуджаны многімі. Імкненні падобных памешчыцкіх з’ездаў у матэрыяльных адносінах сустракаючы супраціў ва Урадавых уладах, усё больш і больш, пры сваім амаль адкрытым існаванні, станавіліся ім непрыхільнымі. Аднак паўстанне, якое палыхнула ў Царстве, заспела Літву зусім непадрыхтаванай у гэтых адносінах, нават непрыхільнай усякім падобным хваляванням пры яе тагачасным становішчы. Царства Польскае, вымушанае да паўстання збегам двух абставінаў: па-першае, набора, а па-другое, узмоцненага дзеяння Цэнтральнага Камітэта, які жадаў скарыстацца чуткамі пра набор, каб скласці як можна болей дзесяткаў і сотняў народнай арганізацыі, і не мог у далейшым утрымаць усхваляваныя народныя жарсці, сваім паўстаннем не паставілася з павагай да інтарэсаў Літвы. Літва тады пры сваім пераважным сельскім насельніцтве пражывала крытычныя хвіліны, у якіх паўстанне, не маючы практычнага выхаду, пагражала поўным разбурэннем матэрыяльнага стану самым адчувальным чынам. Нерашучасць доўгая Літвы можа служыць таму фактычным доказам. З аднаго боку, абцяжараны пазыкамі і азадачаны сялянскім пытаннем памешчык, а з іншага – селянін, які ва ўяўленні сваім засвоіў, што ўся зямля ёсць ягоным набыткам, які аспрэчвае толькі памешчык, знаходзячыся ў чакальным стане, а таму нерашучым, не маглі служыць народнай справе адпаведна тым сродкам, якія могуць знаходзіцца ў іхных руках. Тут трэба таксама згадаць тую абставіну, якое перашкаджала паспяховаму ходу справы, наколькі гэта магло быць магчымым, што самыя адданыя народнай справе памешчыкі літоўскія, маючы істотны запас славалюбства, у сэнсе што ў іх толькі жыве традыцыя, мерапрыемства народнага ўрада аб аддачы зямлі сялянам імкнуліся выстаўляць сваім уласным дарункам. Селянін, бачачы яшчэ не абрэзаныя кіпці сваіх паноў, не мог ім даверыцца і стаў глядзець на справу польскую як на задуму памешчыцкую – органы ж урада паняцце такое селяніна імкнуліся падтрымліваць.

Выпрацаванае гісторяй спачуванне Літвы да Польшчы, якое ўзмацнілася больш у час панавання Расеі (факт, на які варта звярнуць увагу) пераадолела ўсе абставіны, якія супярэчылі паўстанню, і Літва зварухнулася. Утвораны ў Вільні па ініцыятыве Варшавы Аддзел кіравання справамі Літвы прыняў на сябе весці справу паўстання і заяўляў аб гэтым ва ўвесь голас. У ліку устворанай Аддзелам арганізацыі мне трапілася пасада вайсковага камісара Гродзенскай Губерні. Інструкцый я не атрымаў ніякіх, сказана было толькі, што характар маёй дзейнасці павінен быць назіральны за вайсковымі дзеямі ў палітычных адносінах, і што я буду служыць органам усякіх стасункаў Вайсковага Начальніка з Нестарам Дзюлёранам як упаўнаважаным у гэтых адносінах. Накіраваны перада мною ў Гродзенскую губерню Ануфры Духінскі, які з’явіўся тут у Вільню з мандатам Палкоўніка, дадзеным яму, як я бачыў з подпісу, Высоцкім, завёў узброенае паўстанне ў Гродзенскай губерні. Мелі паўстаць па распараджэнні Духінскага адначасова ўсе ўезды, але паколькі ён даў вельмі кароткі тэрмін, то паспелі завесці паўстанне толькі ў трох уездах: Сакольскім, Беластоцкім і Бельскім. Падпалкоўнік Ландар, які з’явіўся ў Лагер Духінскага, узяў на сябе абавязкі Вайсковага Начальніка Гродзенскага ўезда. Ваўкавыскі ўезд паўстаў па распараджэнні Духінскага, але без прызначанага ад яго Вайсковага Начальніка – такім стаў Стравінскі, які пазней перайшоў пад кіраўніцтва Ландара. У Слонімскі уезд была пасланая намінацыя Юндзілу як вайсковаму начальніку таго ўезда. Улодак сфармаваў атрад па сваёй уласнай ініцыятыве, так званы пружанскі. Кракаўскі (Траўгут) выступіў у Кобрынскім уездзе таксама без ніякіх паўнамоцтваў ад Духінскага ў гэтых адносінах. У Брэсцкім уездзе фармаваў ужо шайку Стасякевіч па распараджэнні самога Народнага ўрада, дадзеным на імя Стасякевіча.

Няўдача Духінскага ў справе пад Саколдаю, хаця не вельмі страшэнная, як афіцыйныя расейскія звесткі аб’яўлялі, дрэнна падзейнічала на навакольнае насельніцтва, аднак не спыніла яшчэ спачування да справы паўстання. Наступныя за гэтым амаль пастаянныя паразы нашых атрадаў, бесхарактарнае іх існаванне ў справе палітычнай прапаганды, поўны брак вайсковых сродкаў і людзей здольных, аслабляючы выкліканую ў народзе спагаду да паўстання, спрыялі амаль канчатковаму знішчэнню шаек у Гродзенскай губерні пад час майго вайсковага там Камісарства. Колькасць іх пры недахопе зброі была вельмі нязначная, такім чынам:

Атрад Духінскага складаўся не больш як з 500 чалавек.
Ландара (Лянкевіча) 300
Улодка 100
Юндзіла 250
Кракаўскага 150
Стасякевіча 300
Тышкі 100
Усяго не больш 1700 чалавек.

Склад гэтых атрадаў быў пераважна з сялян казёных, дробнапаместнай шляхты і гарадскіх жыхароў, у якіх шайкі і знаходзілі самую моцную падтрымку. На памешчыкаў і іх сялян я атрымліваў пастаянныя скаргі ад вайсковых начальнікаў, якія ў сваю чаргу прадстаўляў па абавязках Дзюлёрану. Які ўдзел прымалі гродзенскія памешчыкі ў народнай арганізацыі, мне добра невядома, але вынікаў іх дзейнасці ў адносінах да вайсковых атрадаў амаль цалкам не было. Шайкі вымушаны былі пераважна ўласнымі сродкамі набываць усё патрэбнае.

Прыезд мой у Вільню наступіў у час паўсюднага разладу ў Літве: так у справе народнай арганізацыі, як і ўзброенага паўстання. Дадзеных, на падставе якіх мог бы меркаваць пра сапраўдны стан краю, наколькі сама патрэба мяне вымушала, я не толькі не атрымаў ад Дзюлёрана, але пры ўсім маім жаданні не мог дамагчыся нейкіх звестак у гэтых адносінах. Цяжкасці, пастаўленыя ўрадам наконт паведамленняў, слабая ўлада віленскага аддзелу, якая не магла узбудзіць да сябе давер краю, і выразнае разуменне многіх, гледзячых на справу паўстання не праз прызму захаплення, але ўсведамляючых, што аддаючыся толькі задушэўнай патрэбе, нясуць сваё жыццё на бессэнсоўную мэту, былі прычынамі таго, што ўсё паўстанне набыло характар мясцовы, і народныя ўлады ваяводскія ў выпадках толькі патрэбы і магчымасці звярталіся ў Вільню з паведамленнямі рознага кшталту. З такіх паведамленняў не мог Дзюлёран, які не ведаў зусім тутэйшага краю, зрабіць ніякіх вывадаў, тым больш перадаць іх мне, - я ж, мяркуючы па атрыманых мною, мог толькі дайсці да таго выніку, што паўстання ў Літве ўжо няма, а калі ёсць нешта, то хіба перадсмяротныя сутаргі. У такім стане края, беручы пад увагу ўсе цяжкасці, мае штуршкі і памкненні, калі б я іх рабіў, не маглі б падтрымаць паўстання, якое само сабой занепадала. Я гэта зразумеў і таму аддаў усё натуральнаму бегу справы, імкнучыся ўхіляцца ад усялякай ініцыятывы. Арганізацыя ўтваралася пад уплывам мясцовых памкненняў, але паколькі у поспех паўстання амаль ніхто не верыў, то яна была вельмі нязначная. Разбіткі папярэдніх шаек у стане, які выклікае толькі спачуванне, утрымліваліся ад поўнага разладу і вяртання на шлях, прапанаваны неаднаразова ўрадам, адной тою жорсткасцю, якая пераследвала кожнага ў выпадку недобрасумленнага выкрыцця. Гэтай апошняй умове ўрадавыя ўлады надавалі вельмі шырокае значэнне, і таму толькі многія, пастаўленыя ў бязвыхаднае становішча, аддавалі перавагу галоднай смерці перад нармальным сваім станам. Сказаў я гэта не з прычыны асуджэнняў урадавых мер, але выразу майго разумення аб сапраўдным стане паўстання падчас майго знаходжання ў Вільні. Акрамя заспакаення, урад можа мець далейшыя віды наконт тутэйшага краю – яны мне невядомыя; але з пастаянных выразаў грамадскай думкі Расеі, выказваных нават следчай камісіяю, я мог прыйсці да той высновы, што Расея хоча поўнага з сабою зліцця Літвы для дастаўлення шчасця тутэйшаму народу. Я не праціўнік шчасця народнага, не праціўнік і Расеі, калі яна дабра нам жадае, але праціўнік тых бедстваў, якія пасягаюць край наш няшчасны. А таму, калі лёс нас ставіць у становішча, што мы павінны зрадніцца з Расеяй, я, для ліквідацыі многіх лішніх ахвяр пры спараджэнні новага часу і ладу грамадскага ў Літве, лічу са свайго боку абавязкам заявіць некалькі слоў у гэтых адносінах.

Хто мяркуе, што Расея лёгкую ў гэтым будзе мець задачу, той судзіць павярхоўна, той сябе падманвае. Сетка, якая абхапляе нас ва ўсіх класах і злучае з Польшчаю, мае столькі падмуркаў у традыцыях і нават забабонах, што разблытаць яе, знішчыць і ўзнавіць што-небудзь новае складае векавую, сістэматычную і разумную працу. Агітатары, якія збіраюцца з усіх канцоў Расеі, нічога ў нас не зробяць у справе злучэння, падмануць толькі сябе, урад, не выканаюць мэты і давядуць край, супраць сваіх жаданняў, да новых ахвяр, да новых народных няшчасцяў. Пакуль урад не набудзе спагады ў сапраўды адукаваным класе тутэйшага насельніцтва, да тых часоў слова Расеі не знойдзе водгуку ў сэрцах літвінаў.

У маёй свядомасці я злачынец не па перакананні, але па збегу абставінаў, а таму хай і мне будзе дазволена суцяшаць сябе надзеяй, што ўзнаўляецца народнае дабро. Дай бог толькі, каб для дасягнення гэтага нашчадкі нашы не пралівалі лішняй брацкай крыві.

28 лютага 1864 года

Вікенцій Каліноўскі

  Гэты твор з’яўляецца перакладам і мае асобны прававы (ліцэнзійны) статус адносна карыстанай аховы аўтарскіх правоў на арыгінальны змест.
Арыгінал:

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.

 
Пераклад:

Гэты твор пашыраецца на умовах ліцэнзіі Creative Commons Attribution-ShareAlike 4.0 Unported, якая дазваляе вольнае карыстаньне, пашырэньне й стварэньне вытворных з гэтага твораў згодна з умовамі прытрымліваньня і пазнакі ліцэнзіі ды аўтара арыгінальнага твора. Усе вытворныя творы будуць абараняцца той жа самай ліцэнзіяй, што й гэты.